Віктар Ганчарэнка пакінуў пасаду галоўнага трэнера ЦСКА
Беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка і ЦСКА па ўзаемнай згодзе бакоў вырашылі спыніць супрацоўніцтва. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт армейскага клуба. Ганчарэнка ўзначаліў ЦСКА ў снежні 2016 года.
„Чырвона-сінія” пад яго кіраўніцтвам атрымалі 82 перамогі ў 167 матчах, заваявалі Суперкубак Расеі-2018, двойчы станавіліся срэбнымі прызёрамі чэмпіянату Расеі і дайшлі да стадыі 1/4 фіналу Лігі Еўропы-2017/18. У тым жа годзе армейцы двойчы абыгралі мадрыдскі „Рэал” на групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Васіль і Аляксей Беразуцкія, а таксама беларускі спецыяліст Аляксандр Ермаковіч працягнуць працу ў трэнерскім штабе маскоўскага ЦСКА.
Сяргей Касціцын стаў лепшым бамбардзірам „Браціславы” у плэй-оф
Славацкая „Браціслава” саступіла ў гасцях „Бальцана Фокс” (2:3) у пятым матчы чвэрцьфінальнай серыі плэй-оф ў лізе ICEHL, якая аб’ядноўвае клубы Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі і Італіі. Беларус Сяргей Касціцын у гэтай сустрэчы выніковымі баламі не вызначыўся. Па выніках пяці паядынкаў чвэрцьфінальнай серыі „Браціслава” прайграла „Бальцана” – 1-4 (2:1, 2:7, 1:2 АД, 3:4, 2:3) і выбыла з турніру. Сяргей Касціцын у пяці матчах плэй-оф набраў 4 (2+2) балы пры паказчыку карыснасці „-2” і стаў лепшым бамбардзірам сваёй каманды ў накаўт-раўндзе.
Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка захавалі пазіцыі ў жаночым рэйтынгу
Афіцыйны сайт ВТА апублікаваў новую рэдакцыю жаночага рэйтынгу, у якім Арына Сабаленка па-ранейшаму знаходзіцца на 8-м радку, а Вікторыя Азаранка – на 15-м. Лідыруе Эшлі Барці (Аўстралія). У мужчынскім рэйтынгу лідыруе серб Новак Джокавіч. Лепшы з беларусаў Ягор Герасімаў займае 78-ю пазіцыю.
Беларуска Вікторыя Шыманоўская пяройдзе ў ЦСКА
Беларуская лінейная тальяцінскай „Лады” Вікторыя Шыманоўская пяройдзе ў ЦСКА.
„Для мяне пераход у ЦСКА не толькі становіцца новым крокам і этапам у кар’еры, але і адкрывае магчымасць рэалізаваць адну з маіх галоўных спартовых мэтаў – выступаць у Лізе чэмпіёнаў” – цытуе гандбалістку прэс-служба. У гэтым сезоне Суперлігі Вікторыя Шыманоўская ў 20 матчах закінула 48 мячоў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: interfax.by