Віктар Крыўко стаў восьмым у спрынце на этапе Кубка IBU
Беларускі біятланіст Віктар Крыўко заняў восьмае месца ў спрынце на пятым этапе Кубка IBU ў Славакіі.
Віктар Крыўко прабег спрынт без адзінага промаху на двух агнявых рубяжах і адстаў ад лідара гонкі на 38,6 сек. Золата ў расейца Сямёна Сучылава. Другім стаў нарвежац Сіверт Гуторм Бекен. Замкнуў тройку таксама нарвежац Эндру Стрэмсхейм.
Баскетбалісткі „Цмокi-Mенск” прайгралі ў Еўрапейскай лізе, але вышлі ў плэй-оф
Баскетбалісткі „Цмокi-Mенск” пацярпелі першую паразу на групавым этапе Еўрапейскай лігі. У Новасібірску ў заключным матчы папярэдняй групы В менчанкі прайгралі мясцоваму „Дынама” з лікам 73:89 (25:20, 15:22, 16:17, 17:30). Самай выніковай у складзе беларусак стала Вікторыя Гаспер, у актыве якой 23 ачкі. Нягледзячы на гэтую паразу “Цмокі” ўпэўнена выйшлі ў плэй-оф з другога месца, атрымаўшы шэсць перамог у сямі сустрэчах.
Арына Сабаленка прайграла Даяне Ястрэмскай ў паўфінале турніру ў Адэлаідзе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка (12-ы нумар сусветнага рэйтынгу) не змагла прабіцца ў фінал турніру ў аўстралійскай Адэлаідзе. У паўфінальным матчы беларуска саступіла ў двух сэтах ўкраінцы Даяне Ястрэмскай (24) – 4:6, 6:7. У фінальным паядынку суперніцай 19-гадовай ўкраінкі будзе першая ракетка планеты аўстралійка Эшлі Барці, якая перайграла амерыканку Даніэль Колінз (27) – 3:6, 6:1, 7:6 (7:5).
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (148 АТП) пераадолеў апошні кваліфікацыйны бар’ер на шляху да асноўнай сеткі „Australian Open”. У матчы фінальнага раунда адбору ён у двух сэтах абыграў кітайца Чжэ Лі (206) – 6:4, 6:3.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА