Віктар Купрэйчык: Супернік за дошкай быў для Карчнога ворагам



Міжнародны гросмайстар з Беларусі Віктар Купрэйчык успамінае Віктара Карчнога.

Днямі на 86-м годзе жыцця памёр знакаміты шахматыст Віктар Карчной. Чатырохразовы чэмпіён СССР, двойчы гуляў матчы за званне чэмпіёна свету з Анатолем Карпавым, але абодва разы прайграў.

umer-shahmatist-grossmeyster-viktor-korc

У 1974 годзе Віктар Карчной з’ехаў з СССР, пасля атрымаў швейцарскае грамадзянства. У Савецкім Саюзе Карчной лічыўся невяртанцам, з-за чаго ягоная сям’я падвяргалася пераследу.

Неяк у гутарцы з беларускім міжнародным гросмайстрам Віктарам Купрэйчыкам той успамінаў пра Віктара Карчнога так:

«З Карчным я супрацоўнічаў, калі той быў у Менску, — распавёў Віктар Купрэйчык. — У 70-я той запрасіў мяне быць ягоным памочнікам. Збор праводзілі ў Стайках, а праз нейкі час ён вырашыў застацца спачатку ў Нідэрландах, а затым яму далі палітычны прытулак у Швейцарыі. Аднойчы, калі я паехаў на нейкі міжнародны турнір, мне напярэдадні сказалі ў спорткамітэце: «З Карчным нават не вітацца». І вось прыязджаем, знаходжу ў гатэлі пад дзвярыма паштоўку: «Паважаны В.Д., хацеў бы з вамі сустрэцца». Гэта была паштоўка ад Карчнога. Затым гуляю па вуліцы, гляджу – непадалёку ідзе Віктар Львовіч. «Віктар», — крычыць мне. Шчыра прызнаюся, тады я толькі развёў рукамі – нельга, маўляў, адказваць. Часы былі такія, мяне маглі адразу занесці ў спіс невыязных».

Тым не менш, па словах Купрэйчыка, з Віктарам Карчным яны ўсё ж сустрэліся.

«Гэта здарылася пад Парыжам, — успамінае беларускі гросмайстар. – Падаю яму руку і кажу: «Віктар Львовіч, вы маеце права паціснуць яе альбо адмовіцца». Той, напэўна, з паўхвіліны думаў. А пасля кажа: «Зойдзем да мяне». У мяне была бутэлька «Белавежскай», сядзім, размаўляем. І тут – жонка патэлефанавала. І Карчны, а ён заўсёды картавіў, кажа ў трубку: «Слушай, ты пгэдставляешь, я здесь с гускими сижу и выпиваю». Дарэчы, ягоная жонка – аўстрыячка, дзесяць гадоў адсядзела ў савецкіх лагерах. Пазней, памятаю, Карчны мне нейкую кніжку падарыў на нямецкай мове. А ў мяне, што па нямецкай мове, што па спевах – талент адзін і той жа».

Купрэйчык і Карчны гулялі паміж сабой чатыры разы, і лік у сустрэчах аказаўся роўным — 2:2. Хоць беларускі шахматыст вёў па партыях з лікам 2:0.

«Ведаеце, чым Карчны адрозніваўся ад астатніх? Спартыўнай злосцю, « працягвае Віктар Купрэйчык. — У самым добрым сэнсе. Усе ведалі, што калі Карчны сядаў за дошку, дык ты для яго – вораг. Напрыклад, калі гулялі Карчны і Петрасян, дык нават лупцавалі пад сталом адзін аднаго нагамі, каб вывесці суперніка з раўнавагі. Хоць, здаецца, салідныя людзі, ва ўзросце ўжо былі… Адно можна сказаць: Віктар Карчны – гэта быў талент. Талент і свая эпоха ў гісторыі сусветных шахматаў».

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя