Вікторыі Бразіліі і Швайцарыі „пад занавес”



На футбольным чэмпіянаце свету па-ранейшаму не зафіксавана аніводнай нулявой нічыі.

Бразіліі належала адолець няўрымслівых костарыканцаў. У стартавым складзе спадкаемцаў слаўных перамог адбылася адна замена – траўмаванага абаронцу Даніла замяніў невядомы еўрапейцам гулец з экзатычным прозвішчам Фагнер. Дзеянні пентакампеонаў у першым тайме былі прэснымі як воды Амазонкі. Хацелася заснуць, бо за гэты адрэзак толькі і можна прыгадаць, што далікатны стрэл Марсэла па браме рэалаўскага аднаклубніка Кейлара Наваса.

Пасля антракту пайшло весялей. Успомніўшы, што Бразілія наперадзе ўсёй планеты не толькі па запасах прэснай вады, але і па карнавальных фэстах, рулявы Цітэ заменамі стаў падкідваць дроўцаў у вогнішча. Аднак яно ніяк не разгаралася, а колькасць форвардаў на полі ніяк не матэрыялізоўвалася ў гол. Новая фрызура Нэймара зусім не дадала яму шанцавання. Больш таго, калі ў матчы з швайцарцамі яго білі па нагах, то ў гэтай сустрэчы не менш грашыў фоламі і сам форвард. На 78-й хвіліне чарговай сімуляцыяй Нэймар нават выпрасіў пенальці. Але пасля прагляду відэапаўтору галяндскі арбітр ануляваў кару.

І ўсё ж пераможцы адбору ў Паўднёвай Амерыцы на самым “падаючым сцяжку” дамагліся свайго. Секундная страта канцэнтрацыі костарыканцамі прывяла да таго што Куціньё ястрабам прыляцеў у штрафную і нібы іголкай прашыў надзейнага ў цэлым Наваса. Акрыленыя бразільцы паспелі арганізаваць яшчэ адзін гол.

Бразілія – Коста-Рыка – 2:0 (Куціньё, 92, Нэймар, 97 хв.)

Ісляндцы, якіх многія крытыкавалі за празмерна абарончы футбол у стылі італійскага “катэначча” у сустрэчы з Нігерыяй павялі рэй якраз першым нумарам. Асноўная пагроза браме афрыканцаў зыходзіла пры стандартах – рослыя астравіцяне ўскладалі на такія моманты асаблівыя спадзевы. За ўвесь першы тайм “суперарлы” ні разу не стрэлілі нават у бок Ханеса Хальдарсана, героя апошняга Еўра і матча ісляндцаў супраць Аргенціны.

Пасля перапынку характар сустрэчы істотна перамяніўся – нігерыйцы нібы “падзарадзілі батарэйкі”. Ахмед Муса на 49-й хвіліне аформіў эфектны голавы эцюд. Бяда для вікінгаў аказалася падвойнай – у экзальтацыі форвард ненаўмысна каленам разбіў галаву Сігурдсану. Таго хвілін праз дзесяць давялося мяняць.

Пазней Муса праверыў на трываласць папярэчыну брамы ісляндцаў, а яшчэ праз хвіліну ён жа аформіў дубль. На 80-й хвіліне “зялёныя” досыць недарэчна парушылі правілы ў штрафной супраць Альфрэда Фінбогасана. Пасля прагляду відэа прызначылі пенальці. Аднак Гюльфі-Тор Сігурдсан пальнуў мячом у неба.

Нігерыя – Ісляндыя – 2:0 (Муса, 49, 75 хв.)

Становішча ў групе “D”: 1. Харватыя – 6 ачкоў, 2. Нігерыя – 3, 3. Ісляндыя – 1, Аргенціна – 1. У гэтым квартэце ўсе яшчэ захоўваюць шанцы на плэй-оф. У 3-ім вырашальным туры сустрэнуцца: Аргенціна – Нігерыя і Харватыя – Ісляндыя.

Праграму вечара завяршалі Сербія і Швайцарыя. Славяне проста ашаламілі “крыжакоў” сваім стартавым бліцкрыгам. Сапраўдны ўраган сербаў завяршыўся магутным і трапным ударам галавой тараннага форварда Аляксандра Мітравіча. Ішла толькі 5-я хвіліна. Адзначым, што Мітравіч забіў ажно 15 мячоў у апошніх 18 гульнях за балканцаў.

У сілавым змаганні гельветы прыкметна саступалі. Ім каштавала нямала намаганняў каб выраўняць хаду гульні. Аднак у Джэрдана Шачыры і кампаніі мала што атрымоўвалася. З іншага боку сербы пастаянна трымалі ў напрузе швайцарскага брамніка Яна Зоммера.

На 30-й хвіліне швайцарскі “інтэрнацыянал” нарэшце стварыў момант, але Блерым Джамаілі не меў удачы. Апошнія атакуючыя “рэплікі” у першым тайме засталіся, аднак, за сербамі.

У другой палове супернікі сталі абменьвацца ўколамі. Дастаткова хутка швайцарцы параўнялі лічбы на табло – гэта Граніт Джака быў спрытным на падборы і хвосткім ударам з левай не пакінуў шанцаў дастведчанаму брамніку Уладзіміру Стойкавічу. Неўзабаве актыўны Шачыры магутна “зарадзіў” прашчу, але мяч толькі аблізаў штангу. А ў самым эндшпілі мініяцюрны тэхнічны хаўбек нанёс цяжкую прабоіну сербскаму караблю і прынёс тры ачкі швайцарцам.

Сербія – Швайцарыя – 1:2 (Мітравіч, 5 хв.; Г. Джака, 52, Шачыры, 90 хв.)

Становішча ў групе “Е”: 1. Бразілія – 4 ачкі (розніца мячоў 3-1), 2. Швайцарыя – 4 (3-2), 3. Сербія – 3 (2-2) , 4. Коста-Рыка – 0 (0-3). Кастарыканцы страцілі шанцы на выхад у 1/8-ю.

У заключным туры згуляюць: Сербія – Бразілія, Швайцарыя – Коста-Рыка.

У суботу пройдуць чарговыя тры матчы. А 15-й гадзіне ў Маскве сустрэнуцца Бельгія і Туніс – адзін з фаварытаў і андэрдог. Усе прагназуюць упэўненую вікторыю еўрапейцаў. А між тым зборныя маюць паміж сабой роўны баланс. Варта прыгадаць, што на чэмпіянаце 2002 года на групавой стадыі дружыны разышліся мірам – 1:1. Перамога зразу выведзе бельгійцаў у плэй-оф, параза тунісцаў пакідае іх за бортам.

А 18-й гадзіне ў Растове на Доне ў групе “F” Паўднёвая Карэя пастараецца забраць ачкі ў Мексікі. Падтрымліваць азіятаў прыехаў нават іх прэзідэнт. На мундыялях шляхі супернікаў ужо перасякаліся – у 1998 годзе “ацтэкі” выйгралі 3:1.

Цвік праграмы дня будзе забіты ўвечары (21.00) у Сочы. Паранены “звер” – каманда Германіі адчайна накінецца на дружыну Швецыі. У гэтых апанентаў багацейшая гісторыя дачыненняў. Пры тым тэўтонцы перамаглі 15 разоў, скандынавы – 14, яшчэ ў 9 выпадках фіксавалася нічыя.

Беларускае Радыё Рацыя