Вікторыя Азаранка і Эшлі Барці з-за траўмы зняліся з Уімблдона



Першая ракетка свету Эшлі Барці і беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка зняліся з Уімблдона ў парным разрадзе. 9 ліпеня на стадыі 1/8 фіналу яны павінны былі згуляць з амерыканкамі Даніэль Колінз і Бетані Матэк-Сэндс. Прычынай няпростага рашэння стала траўма рукі аўстралійскай спартсменкі.

Беларуская тэнісістка Садаф Талібава (765 ВТА) аказалася мацнейшай за італьянку Караль Кавелі ў матчы першага круга турніру Magic Tours ў Тунісе – 6:2, 6:0.

Міхаіл Міроненка пакінуў менскае „Тарпеда”, у клуба няма грошай на існаванне

Расейскі інвестар сталічнага „Тарпеда” Міхаіл Міроненка спыніў фінансавую падтрымку клуба. Ён пакінуў тарпедаўцаў два месяцы таму. Паведамляецца, што зараз гульцам ужо два месяцы не выплочваюць заробкі, а само „Тарпеда” усё глыбей захрасае ў даўгах. Крыніцы сцвярджаюць, што ў клуба цяпер няма грошай на існаванне, а трансферы на выязныя гульні аплачваюцца з кішэні БФФ. Ёсць верагоднасць, што федэрацыя выдзеліць грошы на тое, каб клуб здолеў скончыць сезон і не сышоў пасля першага круга. Аднак у спартовым ведамстве гэтую інфармацыю пакуль не каментуюць.

Беларускія баксёры заваявалі пяць узнагарод на міжнародным турніры ў Харкаве

Беларускія спартсмены заваявалі пяць медалёў на міжнародным турніры па боксе сярод моладзі, які прайшоў у Харкаве. Пераможцам турніру стаў беларус Дзмітрый Балкоў, у фінальным паядынку ён апынуўся мацней за грузіна Шалвы Саджая – 5:0. Яшчэ адну ўзнагароду вышэйшай пробы прынёс Уладзіслаў Брадзецкі, у вырашальнай сутычцы ён выйграў ва ўкраінца Максіма Драча аднагалосным рашэннем суддзяў. У паядынку за золата беларус Кірыл Леванькоў (49 кг) саступіў армянскаму баксёру Рудольфу Гарбаяну (1:4) і стаў сярэбраным прызёрам. Максім Панкоў (56 кг) і Артур Шчурок (69 кг) прынеслі ў скарбонку зборнай Беларусі бронзавыя медалі.

СМІ: кітайскі клуб гатовы плаціць Бейлу 1,3 млн на тыдзень

Паўабаронца „Рэала” Гарэт Бейл атрымаў павабную прапанову ад аднаго з кітайскіх клубаў. Як паведамляе El Chiringuito, адна з каманд, назва якой не ўдакладняецца, гатовая плаціць валійскаму футбалісту каля 1,3 млн € у тыдзень, што прыкладна ў два разы больш, чым ён цяпер зарабляе ў мадрыдскім клубе. Пры гэтым кітайскі клуб хацеў займець Бейла бясплатна, але „Рэал” не прыняў такую ​​прапанову. Кантракт гульца з клубам дзейнічае да лета 2022 года.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фото: WTA