Вікторыя Азаранка перамагла Святлану Кузняцову ў Досе



Беларуска Вікторыя Азаранка (14 ВТА) выйшла ў другі круг турніру ВТА ў Досе. У матчы стартавага раўнда экс-першая ракетка свету разграміла расейку Святлану Кузняцову (39) – 6:2, 6:3.

Наступнай суперніцай Азаранкі стане наймацнейшая тэнісістка з пары Алена Рыбакіна (23) – Лаўра Зігемунд (56).

Ягор Герасімаў (76-ы нумар рэйтынгу АТП) 2 сакавіка згуляе матч 1/16 фіналу турніру ў Ратэрдаме. Беларус сустрэнецца з грэкам Стэфанасам Цыцыпасам (6 АТП). Пачатак паядынку ў 21.30 па беларускім часе.

Нік Бэйлен прызнаны найлепшым абаронцам лютага ў КХЛ

Найлепшым абаронцам месяца ў КХЛ прызнаны Нік Бэйлен, які набраў 11 (7+4) ачкоў у дзевяці матчах лютага. Беларускі хакеіст ганараваўся на гэтае званне трэці раз у кар’еры. Абаронца „Трактара” аформіў дубль у гульні з менскім „Дынама”, а яго галы ў матчах з ЦСКА і „Металургам” сталі пераможнымі. Агульны паказчык карыснасці склаў „+4”.

„Нёман” і берасцейскае „Дынама” не атрымалі ліцэнзіі ў вышэйшую лігу

Адбылося пасяджэнне камітэта па клубным ліцэнзаванні БФФ. Па выніках разгляду справаздач мэнэджара па ліцэнзаванні, камітэт прыняў рашэнне аб выдачы ліцэнзій БФФ „Вышэйшая ліга” 14 футбольным клубам: „Іслач”, БАТЭ, „Тарпеда”-БелАЗ, „Шахцёр”, РЦАР па футболе БДУ (каманда „Энергетык”-БГУ) , „Спадарожнік Рэчыца”, „Славія-Мазыр”, „Менск”, „Гомель”, „Смаргонь”, „Слуцк”, „Віцебск”, „Дынама-Менск” і „Рух”. Футбольнаму клубу „Нёман” адмоўлена ў атрыманні ліцэнзіі ў сувязі з невыкананнем фінансавага крытэра. Футбольнаму клубу „Дынама-Брэст” адмоўлена ў атрыманні ліцэнзіі ў сувязі з непрадстаўленнем ва ўстаноўленыя тэрміны справаздачы аўдытара аб праверцы дзейнасці за 2020 год, якая дазваляе зрабіць выснову аб выкананні фінансавых крытэраў.

На Суперкубак Беларусі прададзеныя ўсе 1500 квіткоў, якія паступілі ў продаж

Беларуская федэрацыя футбола паведаміла, што на сустрэчу паміж чэмпіёнам вышэйшай лігі салігорскім „Шахцёрам” і ўладальнікам Кубка Беларусі барысаўскім БАТЭ рэалізаваны ўсе 1500 квіткоў, якія паступілі ў продаж. Матч за Суперкубак Беларусі адбудзецца 2 сакавіка на стадыёне ФК „Менск” умяшчальнасцю каля 3000 гледачоў і пачнецца ў 19.00 па беларускім часе.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by