Вікторыя Азаранка прайграла ў 1/16 фіналу Уімблдона



Беларуска Вікторыя Азаранка прайграла ў трэцім раундзе Уімблдонскага турніру. У матчы чацвёртага раўнда экс-першая ракетка планеты саступіла ўкраінцы Эліне Світолінай – 6:2, 4:6, 6:7 (9:11). Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 48 хвілін. У чвэрцьфінале суперніцай Світолінай будзе лідэр сусветнага рэйтынгу полька Іга Свёнтэк.

Зборная Беларусі па пляжным футболе выйшла ў фінал чэмпіянату свету

Зборная Беларусі па пляжным футболе прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату свету. У Баку ў вырашальным паядынку еўрапейскай кваліфікацыі беларусы перамаглі каманду Францыі з лікам 3:1. На шляху да фінальнага матча падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада перамаглі зборныя Турцыі 10:2, Даніі 8:2 і Швейцарыі 9:6.

Фінальная стадыя 12-га ЧС па пляжным футболе пройдзе з 15 па 25 лютага наступнага года ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Зборная Беларусі двойчы гуляла ў фінальных турнірах чэмпіянату свету – у 2019 і 2021 гадах.

Коласаў падпісаў кантракт пачаткоўца з «Філадэльфіяй»

21-гадовы брамнік менскага «Дынама» Аляксей Коласаў падпісаў кантракт пачаткоўца з «Філадэльфіяй Флаерз». Ён разлічаны на тры гады. Пры гэтым наступны сезон хакеіст правядзе ў менскім «Дынама» на правах арэнды. У 2021 годзе «Філадэльфія» выбрала Коласава на драфце НХЛ у трэцім раундзе пад агульным 78-м нумарам. У леташняй «рэгулярцы» чэмпіянату КХЛ Коласаў правёў 42 гульні, святкаваў 13 перамог і адбіў 91.2% кідкоў з каэфіцыентам надзейнасці 2,55.

Коласаў заробіць у «Філадэльфіі» за 1 год 925 тысяч даляраў.  Калі хакеіст адправіцца ў фарм-клуб з АХЛ, то яго гадавы заробак складзе 80 тысяч даляраў.

Ціманоўская ўсталявала асабісты рэкорд на турніры ў Варшаве

Беларуская лёгкаатлетка з польскім пашпартам Крысціна Ціманоўская пасля турніру ў Варшаве паведаміла пра асабісты рэкорд на дыстанцыі 200 метраў. Гэтую дыстанцыю спартоўка пераадолела за 22,75 секунды.

Стомятроўку Ціманоўская прабегла за 11,16. Нацыянальны рэкорд Беларусі належыць Наталлі Сафроннікавай 22,68. Яго яна ўсталявала ў 2001 годзе на турніры ў Брэмене.

Дзеючы чэмпіён свету Формулы 1 Макс Ферстапен святкаваў першую перамогу на Гран Пры Вялікабрытаніі. Ланда Норыс з McLaren заняў другое месца, а замкнуў тройку лідэраў гоншчык Mercedes Льюіс Хэмілтан. Для нідэрландскага пілота гэта восьмая перамога ў сезоне і 43-я ў кар’еры. Праз два тыдні гоншчыкі будуць змагацца за перамогу на Гран-пры Венгрыі.

Беларускае Радыё Рацыя