Вікторыя Азаранка прайшла першы круг „Ралан гарос”
Паспяхова стартавала ў адзіночным разрадзе адкрытага чэмпіянату Францыі беларуска Вікторыя Азаранка. У напружаным змаганні яна адолела прадстаўніцу Латвіі Алёну Астапенку.
У першым сэце была роўная барацьба, а ўсё вырашыў адзіны брэйк, які зрабіла Азаранка. У выніку яна выйграла партыю 6:4.
У другім сэце на пачатку наперад выйшла Астапенка, аднак Азаранка вярнула брэйк, выйшла наперад, а пры ліку 5:4 на сваю карысць не рэалізавала два матч-болы. Пасля рэальны шанец узяць партыю мела ўжо Астапенка, але не скарысталася ім. Урэшце справа дайшла да тай-брэйку, на якім мацнейшай была ўсё ж беларуска – 7:6 (7:4).
На лёс сустрэчы вельмі моцна паўплывала колькасць двайных памылак на сваёй падачы, якую дапусціла Астапенка – ажно 17 (!) супраць 4-х у беларускі.
Беларускае Радыё Рацыя