Вікторыя Азаранка ўжо ў чвэрцьфінале



Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка працягвае перамагаць на турніры катэгорыі „Прэм’ер” у амерыканскім Маямі з прызавым фондам  6 мільёнаў 100 тысяч даляраў.   У паядынку 1/8 фіналу Азаранка, якая займае 8-е месца ў сусветным рэйтынгу, узяла верх над чацвёртай ракеткай планеты іспанкай Гарбін Мугурузай ў двух сэтах на тай-брэйку – 7:6, 7:6. Для перамогі Вікторыі Азаранцы спатрэбілася 2 гадзіны 11 хвілін. Да гэтага Азаранка перамагла пуэртарыканку Моніку Пуіг і польскую тэнісістку Магду Лінэт. У чвэрцьфінале суперніцай Вікторыі Азаранкі будзе брытанская тэнісістка Джаана Контэ. Далей па сетцы стаіць пара Мэдзісан Кіз (ЗША) – Ангеліка Кербер (Германія).

Дарэчы амерыканская тэнісістка Серэна Уільямс саступіла ў 1/8 фіналу турніру ў Маямі расейцы Святлане Кузняцовай – 7:6, 1:6, 2:6 – Уільмс не прайгравала расейскім тэнісісткам ажно чатыры гады, апошні раз саступіўшы Кацярыне Макаравай.

У мужчынскім парным разрадзе беларус Максім Мірны і філіпінец Трэт Хьюі прабіліся ў чвэрцьфінал, дзе іх супернікамі будуць амерыканцы Джон Ізнэр і Нікалас Манро.