Вікторыя Азаранка ўжо зарабіла 25,6 мільёна даляраў



Заробленыя грошы беларуская тэнісістка актыўна ўкладвае ў нерухомасць.

Сайт ВТА склаў рэйтынг тэнісістак, якія зарабілі максімальную колькасць прызавых грошай за сваю кар’еру.

У скарбонцы экс-першай ракеткі свету Вікторыі Азаранкі – 25.593.330 даляраў. Больш за Азаранкау зарабілі толькі тры тэнісісткі – Серэна Уільямс (74.083.421), Марыя Шарапава (36.484.486) і Вінус Уільямс (31.905.015).

З 13 спартсменак, якія зарабілі за кар’еру больш за 20 мільёнаў даляраў прызавых, восем яшчэ працягваюць выступаць на кортах. У тым ліку і Азаранка, так што фінансавыя паступленні не спыніліся.

“Пасля адной з перамог дачкі на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі многія газеты выйшлі з загалоўкамі “Вікторыя Азаранка зарабіла 2 мільёны 500 тысяч даляраў, – распавяла не так даўно ў СМІ маці тэнісісткі Ала Азаранка. – Ведаеце, мы да гэтага прызвычаіліся, але, мяркую, не зусім прыстойна лічыць грошы у чужых кішэнях. Віка іх ні ў каго не скрала, на забрала, а зарабіла сваёй працай. Тым больш, яна са сваёй кішэні ўтрымлівае і штат каманды. І заробкі, і пералёты, і гатэлі – усё са сваёй кішэні”.

Тым не менш, Вікторыя Азаранка не толькі занята не аднымі трэніроўкамі ды спаборніцтвамі, але і ўкладвае заробленыя грошы ў нерухомасць.

Некалькі гадоў таму спартсменка купіла ў Менску чатырохпакаёвую кватэру. Праўда, пасля перапланіроўкі па амерыканскаму стылю з жылля атрымалася трохпакаёўка. У 2011 годзе спартсменка атрымала зямлю ў элітным пасёлку, які знаходзіцца побач з “Мінск-Арэнай”. Будаўніцтва там ужо практычна завершана. Таксама Вікторыя Азаранка купіла ў Лос-Анджэлесе дом, які каштаваў 7 мільёнаў даляраў. Плошча дома складае 4280 квадратных футаў, у ім 4-5 спальняў, а таксама чатыры ванныя пакоі.

“Віка лічыць грошы, яны ж з неба ёй не валяцца”, – кажа маці спартсменкі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя