Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу Australian Open



Беларуска Вікторыя Азаранка (25-ы нумар сусветнага рэйтынгу) выйшла ў трэці круг адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе. 19 студзеня двухразовая пераможца Australian Open у матчы 1/32 фіналу без асаблівых праблем узяла верх над швейцарскай тэнісісткай Джыл Белен Тайхман (34) – 6:1, 6:2. Наступнай суперніцай Азаранкі будзе ўкраінка Эліна Світоліна (17).

Беларуска Лідзія Марозава і амерыканка Кейтлін Крысціян не змаглі прабіцца ў другі раунд парнага разраду AUS Open. У матчы 1/32 фіналу яны прайгралі ў дзвюх партыях харвацка-амерыканскай пары Петра Марціч / Шэлбі Роджэрс – 1:6, 6:7 (4:7).

Івулін падпісаў новы кантракт з “Крумкачамі” проста ў залі суда

29-гадовы футбаліст і журналіст Аляксандр Івулін падпісаў новы прафесійны кантракт з ФК “Крумкачы” непасрэдна ў зале суда. У мінулым сезоне футбаліст таксама выступаў за клуб з першай беларускай лігі. Таксама быў абвешчаны прысуд па справе Аляксандра Івуліна – яго прысудзілі да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму, як запытваў пракурор.

Юрый Кендыш пакінуў салігорскі „Шахцёр”

Паўабаронца Юрый Кендыш пакінуў салігорскі „Шахцёр”. Паводле інфармацыі Tribuna.com экс-гулец салігорскага «Шахцёра» працягне сваю кар’еру за межамі Беларусі. У мінулым сезоне ў складзе салігорцаў 31-гадовы футбаліст вызначыўся 3 галамі і галявой перадачай у 20 матчах.

Як паведамляе афіцыйны сайт БАТЭ, 33-гадовы паўабаронца клуба Павел Няхайчык прыняў рашэнне завяршыць кар’еру футбаліста.

Аляксей Протас закінуў трэцюю шайбу ў сезоне НХЛ

Беларускі форвард „Вашынгтон Кэпіталс” Аляксей Протас вызначыўся закінутай шайбай у матчы Нацыянальнай хакейнай лігі супраць „Вініпега”. Протас вызначыўся ў пачатку трэцяга перыяду пры ліку 2:2. Усяго на лёдзе хакеіст правёў 13 з паловай хвілін, нанёс тры кідкі і зарабіў паказчык карыснасці +1. Гэты гол стаў для Аляксея Протаса трэцім у бягучым чэмпіянаце НХЛ, таксама на рахунку беларуса шэсць галявых перадач у 28 матчах.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя