Вікторыя Азаранка выйшла ў паўфінал US Open
Вікторыя Азаранка лёгка адолела Эліз Мертэнс
Беларуска Вікторыя Азаранка ў чвэрцьфінале адкрытага чэмпіяната ЗША разграміла прадстаўніцу Бельгіі Эліз Мертэнс з лікам 6:1, 6:0. Беларуска выйшла ў паўфінал турніру, дзе сустрэнецца з “адвечнай” суперніцай – амерыканкай Сірэнай Уільямс.
„Мяшкоў Брэст” разграміў гандбалістаў „Віцязя”
На мужчынскім чэмпіянаце Беларусі па гандболе прайшлі чарговыя матчы. Чэмпіён краіны „Мяшкоў Брэст” разграміў на выездзе сталічны „Віцязь-Леон” з лікам 42:23. У першым туры берасцейцы таксама без праблем перайгралі юніёрскую зборную Беларусі – 43:27. Напярэдадні юніёрскую дружыну ўпэўнена перамаглі віцэ-чэмпіёны краіны гандбалісты мінскага СКА – 39:30. Гарадзенскія гандбалісты „Кронана” з мінімальнай розніцай у ліку саступілі на сваёй пляцоўцы бронзаваму прызёру магілёўскаму клубу „Машэка” – 35:36. Яшчэ ў адным паядынку „Гомель” абыграў у сябе дома мінскі БДУФК-СКА – 36:34.
Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі казанскаму „Ак Барсу”
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі казанскаму „Ак Барсу” ў заключным матчы першай хатняй серыі чэмпіянату КХЛ з лікам 4:5. «Зубры» тройчы выходзілі наперад, пасля шайбаў Брэндана Козуна, які аформіў дубль, і Райана Спунэра. Аднак казанцы кожны раз адыгрываліся. Затым казанская каманда вызначылася яшчэ двойчы. На 51-й хвіліне сустрэчы надзею на спрыяльны зыход матчу для гаспадароў лёду падарыў Максім Сушко, які вызначыўся з перадачы Іллі Салаўёва. У канцоўцы дынамаўцы пайшлі на замену брамніка, аднак лік застаўся нязменным. Пасля гульні ў Мінску „зубры” адправяцца ў Маскву, дзе 13 верасня згуляюць супраць „Спартака”.
Беларускія валейбалісты саступілі палякам на юніёрскім ЧЕ у Італіі
Валейбалісты юніёрскай зборнай Беларусі прайгралі супернікам з Польшчы ў трэцім туры групавога этапу чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у Італіі. Лік сустрэчы – 1:3 не на карысць падначаленых Аляксея Кавалёва. Самымі выніковымі гульцамі сустрэчы ў беларускай зборнай сталі Арсені Палонскі, які зарабіў 15 ачкоў, і Глеб Азаранка, на рахунку якога 11 пунктаў. Раней беларуская каманда саступіла нямецкім аднагодкам 2:3 і зборнай Чэхіі 0:3. Такім чынам, беларусы выбылі з ліку прэтэндэнтаў на медалі і працягнуць ўдзельнічаць у суцяшальным турніры за 5-8-е месцы.
Валейбалісты „Шахцёра” зноў абыгралі белградскую „Црвену Звезду”
Валейбалісты „Шахцёра” зноў абыгралі белградскую „Црвену Звезду” падчас турнэ па Сербіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе салігорскага клуба. На гэты раз трохразовыя чэмпіёны Беларусі перамаглі з лікам 3:1. Самым выніковым гульцом ў беларусаў стаў Андрэй Радзюк, які набраў 16 ачкоў. 6 верасня „Шахцёр” таксама быў мацней за „Црвену Звезду” – 3:0. Салігорцы запісалі на свой рахунак і перамогу ў трох партыях над дружынай „Горны Міловац” – 3:0. Серыя паядынкаў з сербскімі клубамі працягнецца сустрэчамі з „Партызанам” і „Ваяводзінай”.
Футбалісткі „Дынама-БДУФК” забілі 15 мячоў „Дняпру”
Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” святкавалі шаснаццатую перамогу запар у матчах чэмпіянату Беларусі. Дынамаўцы разграмілі ў Магілёве футбалістак мясцовага „Дняпра” з лікам 15:0. Па пяць мячоў у гэтай сустрэчы забілі Карына Альховік і Салімата Сімпарэ. У іншым паядынку юніёрская зборная Беларусі перамагла ў Менску гасцей з „Бабруйчанкі” з лікам 2:0. У турнірнай табліцы упэўнена лідыруе „Дынама-БДУФК”.
Аляксей Шпілеўскі – лепшы трэнер Казахстана ў жніўні
Прафесійная футбольная ліга Казахстана па традыцыі апытала настаўнікаў клубаў-удзельнікаў чэмпіянату Казахстана і даведалася імя лепшага трэнера лігі ў жніўні. Ім прызнаны беларускі трэнер „Кайрата” Аляксей Шпілеўскі. Выбар на яго карысць зрабілі 10 калегаў па цэху.
Матч БАТЭ з ЦСКА могуць не паказаць на тэлеканале „Беларусь 5”
Матч паміж маскоўскім ЦСКА і барысаўскім БАТЭ ў рамках 2-га раўнда кваліфікацыі Лігі Еўропы, хутчэй за ўсё, не будзе паказаны на каналах „Белтэлерадыёкампаніі”. У дадзены момант БАТЭ вядзе перамовы c „Яснае ТБ”, паведамляе сайт 5SPORTS.
МАК па-ранейшаму намераны правесці ў 2021 годзе Гульні ў Токіо
Міжнародны алімпійскі камітэт разлічвае на тое, што ў 2021 годзе зможа правесці Алімпійскія гульні ў Японіі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння пасяджэння выканкама МАК заявіў кіраўнік арганізацыі Томас Бах. „У наступныя некалькі тыдняў нас чакае актыўная дыскусія адносна розных сцэнароў супрацьдзеяння COVID-19. Па-ранейшаму збіраемся правесці ў 2021 годзе бяспечныя і паспяховыя Гульні, – сказаў Томас Бах.
Алімпійскія гульні ў Токіо павінны прайсці з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя