Вікторыя Азаранка завяршыла выступы на турніры WTA у Ганконгу
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (19-ы нумар сусветнага рэйтынгу) з-за траўмы завяршыла выступы на турніры катэгорыі WTA-250 у Ганконгу з прызавым фондам 259 тысяч даляраў.
У матчы першага раунда адзіночнага разраду беларуска сустракалася з прадстаўніцай Канады Лейлай Фернандэс. Першую партыю Азаранка выйграла з лікам 6:2, у другой саступіла 3:6, а потым не змагла працягнуць гульню.
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў прабіўся ў асноўную сетку мужчынскага турніру ў кітайскім Шэньчжэні з прызавым фондам 139 тысяч даляраў, перамогшы кітайца Фацзін Суня – 6:3, 6:4. Спаборніцтвы ў Ганконгу і Шэньчжэні завершацца 15 кастрычніка.
Клімовіч заменіць Нячаева ў зборнай Беларусі ў матчах з футбалістамі Румыніі і Швейцарыі
У складзе футбольнай зборнай Беларусі перад адборавымі матчамі чэмпіянату Еўропы адбылося змяненне. Галоўны трэнер беларускай каманды іспанец Карлас Алас Ферэр вырашыў замяніць Данілу Нячаева з барысаўскага БАТЭ на Уладзіслава Клімовіча, які выступае ў венгерскім „Дыяш’еры”. Такім чынам, у абойме зборнай Беларусі знаходзяцца 24 гульцы. Учора беларусы прыбылі ў Стамбул, адкуль узялі курс на Будапешт, дзе 12 кастрычніка на полі стадыёна імя Ферэнца Сусы сустрэнуцца са зборнай Румыніі. Потым беларускія футбалісты перабазуюцца ў Санкт-Гален, у якім 15 кастрычніка згуляюць са швейцарцамі.
Менскія дынамаўцы прызнаныя лепшымі па выніках футбольнага верасня
Па выніках вераснёўскага адрэзка футбольнага чэмпіянату Беларусі лепшымі прызнаны прадстаўнікі менскага „Дынама”. Такія вынікі традыцыйнага апытання вядучых СМІ, якое праводзіць асацыяцыя „Беларуская федэрацыя футбола”. Лепшым гульцом першага восеньскага месяца названы чарнагорскі нападнік мінчан Душан Бакіч. Ва ўсіх чатырох вераснёўскіх паядынках ён забіў па адным голе, зараз у яго актыве 8 забітых мячоў. Лепшым трэнерам верасня стаў настаўнік дынамаўскай дружыны Вадзім Скрыпчанка, падначаленыя якога перамаглі наваполацкі „Нафтан” 3:0, гарадзенскі „Нёман” 2:1, салігорскі „Шахцёр” 4:0 і „Гомель” 2:1. Сталічнае „Дынама” ўпэўнена ўзначальвае турнірную табліцу, набраўшы 54 ачкі ў 22 праведзеных сустрэчах. На тры балы адстае „Нёман”, трэцімі ідуць футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа”, якія набралі 38 ачкоў.
Англія, Паўночная Ірландыя, Ірландыя, Шатландыя і Уэльс прымуць Еўра-2028
У швейцарскім Ньёне адбыўся выканкам УЕФА, на якім былі абраныя краіны, у якіх пройдуць матчы чэмпіянату Еўропы ў 2028 годзе. Турнір адбудзецца ў Англіі, Паўночнай Ірландыі, Ірландыі.
Беларускае Радыё Рацыя