„Вільярэал” сенсацыйна выбіў „Баварыю” з Лігі Чэмпіёнаў



„Вільярэал” і „Рэал” прабіліся ў паўфінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў

Першымі ўдзельнікамі паўфінальнай стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў сталі два прадстаўнікі Іспаніі. Футбалісты мадрыдскага „Рэала” пасля гасцявой вікторыі над пераможцам мінулага розыгрышу ЛЧ лонданскім „Чэлсі” з лікам 3:1 у іспанскай сталіцы прайгралі ў асноўны час з такім жа лікам. У пачатку дадатковага часу лідар атак мадрыдцаў Карым Бензема забіў другі мяч, які дапамог яго камандзе выйграць па суме двух паядынкаў. Саступіўшы 2:3, „Рэал” выйшаў у паўфінал.
Яшчэ адзін іспанскі клуб „Вільярэал” змог сенсацыйна адолець мюнхенскую „Баварыю”. На хатняй арэне падначаленыя Унаі Эмеры перамаглі з мінімальнай перавагай – 1:0, а ў Мюнхене здолелі здабыць нічыю – 1:1 і выбілі з турніру лепшы клуб Германіі.

Яшчэ два чвэрцьфіналы ў адказ адбудуцца сёння вечарам. Футбалісты англійскага „Ліверпуля” на сваёй арэне прымуць партугальскую „Бенфіку”. У Лісабоне адзін з фаварытаў англійскай прэм’ер-лігі быў мацнейшым – 3:1. Мадрыдскі „Атлетыка” ў сталіцы Іспаніі паспрабуе ўзяць рэванш у англійскага „Манчэстэр Сіці”. Тыдзень таму лідар англійскага першынства на сваім полі меў вялікую перавагу над гасцямі з Іспаніі, але здолеў толькі аднойчы дамагчыся поспеху. На 70-й хвіліне сустрэчы пераможны мяч забіў Кевін Дэ Бройне – 1:0.

Ягор Шаранговіч — першая зорка матча з „Арызонай”

У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” перамог на выездзе „Арызону”. Першай зоркай сустрэчы быў прызнаны беларускі нападнік „д’яблаў” Ягор Шаранговіч, які за 19 хвілін 34 секунды на лёдзе набраў 3 (2+1) ачкі, зарабіў +3 у графу карыснасці, вызначыўся 3 кідкамі і 2 стратамі. У прайграўшых беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак на пляцоўку не выходзіў.
У бягучым чэмпіянаце Ягор Шаранговіч правёў 67 матчаў, у якіх мае 43 (22+21) бамбардзірскія балы і -5 у графе „+/-„.

Стартуе фінальная серыя плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі

У плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі стартуе фінальная серыя. За Кубак Прэзідэнта паспрачаюцца менскае „Юнацтва” і жлобінскі „Металург”. У фінал сезона выйшлі дзве лепшыя каманды рэгулярнага сезона: „Юнацтва” заняло ў чэмпіянаце першае месца, „Металург” стаў другім, адстаўшы на 5 ачкоў. Першы матч „залатога” супрацьстаяння пройдзе сёння на лёдзе сталічнай „Чыжоўка-Арэны” і пачнецца ў 19.30. Як і папярэднія серыі плэй-оф, фінал працягнецца да чатырох перамог адной з каманд.

Барыс Пухоўскі закінуў больш за тысячу мячоў у матчах за менскі СКА

Распасоўнік СКА Барыс Пухоўскі атрымаў памятны падарунак з нагоды таго, што ён закінуў больш за 1000 мячоў у матчах за вайсковы клуб. Цырымонія прайшла перад гульнёй з „Мяшкоў Брэст”, паведамляе прэс-служба СКА. У канцы сакавіка Барыс Пухоўскі на правах арэнды да канца сезона перайшоў з „Матора” ў менскі СКА.

Джокавіч прайграў у першым жа матчы на турніры „Мастэрс-1000” у Монтэ-Карла

Лідар сусветнага рэйтынгу серб Новак Джокавіч сенсацыйна не выйшаў у трэці круг турніру катэгорыі „Мастэрс-1000” у Монтэ-Карла. У другім крузе першая ракетка свету саступіў іспанцу Алехандра Давідовічу Фокіну — 3:6, 7:6, 1:6. Першы раўнд Джокавіч прапускаў дзякуючы рэйтынгу.

Беларускае Радыё Рацыя