Віталь Гуркоў перадасць грошы ў дзіцячы хоспіс



Віталь Гуркоў — адзін з нямногіх айчынных спартоўцаў, які добра ведае беларускую мову і размаўляе на ёй. Спявае разам з Сяргеем Міхалком у гурце Brutto. Днямі стала вядома, што знакаміты беларускі баец, які ў сакавіку стаў чэмпіёнам Беларусі па муай-тай, можа не паехаць на чэмпіянат свету, што стартуе 19 мая ў Швецыі.

Віталь Гуркоў

«Цікава, ці знойдуць грошы чыноўнікі з Федэрацыі на спартсмена, ад якога яны пазбавіліся з-за яго музычнай дзейнасці? Час ідзе, а яснасці няма. Ці нам на канцэртах скрыначку паставіць з надпісам «Гуркову на чэмпіянат», — напісаў спартсмен у адкрытай суполцы ў Viber.

Пасля таго як гэтая навіна з’явілася ў СМІ, у інтэрнэце быў абвешчаны збор грошай на ўдзел Віталя Гуркова ў чэмпіянаце. Праект атрымаў назву «Народны чэмпіён». I менш чым за суткі неабыякавыя людзі сабралі тры тысячы еўра, якія і былі неабходны для ўдзелу ў сусветным першынстве.

— Я, безумоўна, не чакаў, што ўзнімецца такая хваля падтрымкі ды пачнецца збор грошай, — кажа Віталь Гуркоў. — Гэта ж не мая была ініцыятыва, але ўсё вельмі ўразіла! Аднак гэтыя грошы я не вазьму, мне хацелася б іх выкарыстаць па-іншаму. Лепш іх перадаць у які-небудзь дзіцячы хоспіс. Каб яны пайшлі на дапамогу тым людзям, якім гэта жыццёва неабходна, а не на тое, каб Віталь Гуркоў паехаў у Швецыю.

— А як жа першынство? На паездку ж грошай няма…

— У любым выпадку знайду магчымасць, як туды патрапіць. Я прайшоў адбор, застаўся трэніровачны збор, але гэта фармальнасць.

— Вы расказвалі, што раней былі на стаўцы ў Міністэрстве спорту, дзе атрымлівалі зарплату, але некаторыя члены Беларускай федэрацыі муай-тай і кікбоксінгу зрабілі ўсё, каб вы сышлі са штату каманды…

— Так, я сышоў са стаўкі ў Міністэрстве спорту па ўласным жаданні яшчэ перад Новым годам. У мяне не было іншага выйсця. Я не хацеў кідаць сваю музычную дзейнасць у Brutto, а сумяшчаць гэта з выкананнем пэўных спартыўных абавязкаў па кантракце не атрымлівалася. Давялося рабіць выбар.

Алесь Сівы, «Народная Воля»