Віталь Гуркоў зноў выйдзе на рынг
Дзмітрый Валент, Андрэй Кулебін, Дзмітрый Варац, Андрэй Герасімчук, Дзяніс Ганчаронак і яшчэ 200 байцоў выйдуць на рынг на чэмпіянаце Беларусі ў тайскім боксе.
Сярод беларусаў ёсць спартоўцы з сусветнымі імёнамі, чэмпіёны планеты і Еўропы. З 1 да 5 сакавіка яны будуць барукацца на тэрыторыі вайсковай часткі 3214, размешчанай на паўночна-ўсходняй ускраіне Менска. Адкрыццё турніру, а за ім і першыя баі пачнуцца 2 сакавіка а 10:00, а сёння праходзіць рэгістрацыя і ўзважванне ўдзельнікаў чэмпіянату, паведамляе сайт kyky.org.
Адной з галоўных інтрыг апошніх дзён быў удзел (ці няўдзел) у чэмпіянаце Віталя Гуркова — шматразовага чэмпіёна свету сярод аматараў і чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў паводле версіі WBC. Баец, які захапіўся гастролямі ў складзе гурту Brutto, вярнуўся да трэніровак. Мяркуючы з подпісу да апошняга фота ў FB Гуркова: «Да сустрэчы на ўзважванні!» — мы ўбачым знакамітага спартоўца на рынгу.
2—3 сакавіка будуць праходзіць папярэднія баі, у другой палове 3 сакавіка пачынаюцца паўфіналы. Ім прысвечаны цэлы дзень 4 сакавіка. А 5 сакавіка адбудуцца фіналы і цырымонія ўзнагароджання.
Турнір з’яўляецца кваліфікацыйным этапам да чэмпіянату Еўропы і чэмпіянату свету IFMA ў муай-тай, які пройдзе ў гэтым годзе ў Швецыі.