Віцэ-прэм’ер Польшчы Гліньскі заклікаў да адхілення Расеі і Беларусі ад спартовых спаборніцтваў
Віцэ-прэм’ер Польшчы Пётр Гліньскі заклікаў выключыць Расейскую Федэрацыю і Беларусь з міжнародных арганізацый і адхіліць абедзве краіны ад спартовых спаборніцтваў з-за міграцыйнага крызісу.
– Міжнародны ціск на гэтыя два рэжымы – беларускі і расейскі – павінен быць значна мацнейшы. Я б нават разгледзеў магчымасць выключэння гэтых дзвюх краін з шэрагу міжнародных арганізацый, у тым ліку са спартовых спаборніцтваў, якія для іх важныя, – заявіў Гліньскі.
Жаночая зборная Беларусі (U-17) выйшла ў лігу „А” кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы
Жаночая зборная Беларусі (U-17) выйшла ў лігу „А” кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2021/22. У сваім квартэце лігі „В”, матчы якога прайшлі ў Люксембургу, беларускі сталі другімі, прапусціўшы наперад футбалістак Косава. У сустрэчах з першай і трэцяй камандамі падапечныя Марыны Ліс мелі чатыры ачкі і розніцу забітых і прапушчаных мячоў „+2”. Гэтага хапіла, каб стаць найлепшай зборнай сярод усіх, якія сталі другімі ў сваіх групах, адзначае прэс-служба БФФ. Увесну беларускі пазмагаюцца за пуцёўку на кантынентальны форум у элітнай кампаніі.
„Мяшкоў Берасце” скасаваў кантракт з Іванам Пешычам па медыцынскіх паказаннях
Харвацкі галкіпер Іван Пешыч пакінуў „Мяшкоў Берасце”. Кантракт з варатаром скасаваны па медыцынскіх паказаннях. Пагадненне з „Мяшкоў Берасце” падпісаў галкіпер зборнай Беларусі Вячаслаў Салдаценка. Кантракт разлічаны да канца сезона з магчымасцю падаўжэння.
Доўгі час Іван Пешыч не мог трэніравацца і прапусціў пачатак сезона з-за праблем са здароўем, не звязаных напрамую з гульнявымі траўмамі. Паглыбленае медыцынскае абследаванне паказала, што для поўнага аднаўлення патрабуецца працяглы час і захоўваецца высокая рызыка сур’ёзных ускладненняў. У сувязі з гэтым клуб не можа браць на сябе адказнасць і рызыкаваць здароўем галкіпера, заяўляючы яго на матчы ў абыход медычных абмежаванняў. На вялікі жаль, мы вымушаны скасаваць кантракт па медыцынскіх паказаннях, – паведамляе прэс-служба берасцейцаў. Пешыч – адзін з лідараў па колькасці праведзеных матчаў за БГК. Галкіпер правёў у Берасці восем з паловай сезонаў.
Гарбінье Мугуруса прабілася ў паўфінал выніковага турніру WTA
Іспанка Гарбінье Мугуруса прабілася ў паўфінал выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). У апошнім паядынку папярэдняй групы „Тэатыўакан” іспанская тэнісістка перамагла эстонку Анет Кантавейт, якая раней заваявала першы пропуск у паўфінал – 6:4, 6:4. У чэшскім дэрбі Караліна Плішкова (4) абыграла Барбару Крэйчыкаву (3) – 0:6, 6:4, 6:4. У трэцім туры папярэдняга квартэта „Чычэн-Іца” другая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка і грачанка Марыя Сакары (6) паспрачаюцца за другое месца.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Foto: Fotorzepa/ Jerzy Dudek