Віцэ-прэзідэнт МФХ: Матчы ЧС-2021 трэба пераносіць з Менска



Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) Калерва Кумала мяркуе, што матчы чэмпіянату свету 2021 года не варта праводзіць у Менску.

„Мая пазіцыя па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі да гэтага часу не ўсім здаецца яснай, нават калі я гэта дзесяць разоў сказаў. Я мяркую, што матчы ЧС-2021 не трэба праводзіць у Менску. Веру, што так і будзе”, — напісаў Кумала 21 лістапада ў „Твітэры”.

Рэакцыя Кумалы з’явілася пасля таго, як на пасяджэнні 18 лістапада ў Цюрыху Міжнародная федэрацыя хакея адклала рашэнне пра лёс чэмпіянату свету вясной 2021 года ў Менску і Рызе. „У Беларусі ўзнікаюць цяжкасці, да якіх неабходна ставіцца сур’ёзна, паколькі існуе значная рызыка таго, што цяперашнія праблемы ў Мінску, пазіцыя ўрада суарганізатара Латвіі і пандэмія COVID-19 значна паўплываюць на чэмпіянат свету — 2021”, — адзначыў прэзідэнт ІІХФ Рэне Фазель. Прэзідэнт і савет ІІХФ выказалі меркаванне, што для вырашэння лёсу турніру неабходна больш часу.

У верасні Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая ў тым ліку заклікае не праводзіць частку чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021 года ў Беларусі.

У сувязі з беларускімі падзеямі пасля прэзідэнцкіх выбараў Латвія раней афіцыйна заклікала ІІХФ перанесці ЧС з Беларусі ў іншую краіну.

У лістападзе Латвія заявіла пра гатоўнасць сама прыняць ЧС. Асобныя краіны прыгразілі байкотам, калі першынство будзе прымаць Менск.

16 лістапада Латвія на няпэўны тэрмін забараніла ўезд старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыю Баскаву.

20 лістапада Федэрацыя хакея Расеі паведаміла, што не атрымлівала прапановы прыняць у сябе матчы чэмпіянату свету 2021 года, але ў выпадку такога звароту разгледзіць магчымасць правядзення гэтага турніру.

belapan.by