„Віцязю”, які не выйшаў на матч з „Машэкам”, залічана тэхнічная параза



„Віцязю” залічана тэхнічная параза з лікам 0:10 у матчы чэмпіянату Беларусі з магілёўскім „Машэкам”. Сталічны клуб не выйшаў на гульню ў знак пратэсту супраць затрымання вядомай баскетбалісткі Алены Леўчанкі. Тэхнічная параза „Віцязю” залічана па прычыне няяўкі на матч, паведамляе прэс-служба БФГ. Вядомая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка была асуджаная напярэдадні да 15 сутак арышту.  Падчас судовага працэсу яна адзначыла, што схіляецца перад беларусамі і распавяла як у камерах дзяўчаты спявалі „Купалінку”, а потым песню „Грай”.

„Мяшкоў Брэст” абыграў „Пары Сен-Жэрмен” у гандбольнай Лізе чэмпіёнаў

„Мяшкоў Брэст” святкаваў другую перамогу ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. На пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” чэмпіёны Беларусі выдатна правялі першы тайм і сышлі на перапынак з перавагай у пяць мячоў – 19:14. Адразу пасля аднаўлення гульні госці значна дадалі і неўзабаве дагналі берасцейцаў – 21:21. Затым мяшкоўцы зноў захапілі ініцыятыву і ў выніку здолелі вырваць перамогу з мінімальнай перавагай у ліку – 32:31. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 7 мячоў.  У наступным туры 14 кастрычніка „Мяшкоў Брэст” згуляе на выездзе з польскім „Кельцэ”, у складзе якога выступаюць беларускія гандбалісты Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш.

Валейбалісткі „Прыбужжа” перамаглі баранавіцкі „Атлант” у Кубку Беларусі

Валейбалісткі „Прыбужжа” перамаглі баранавіцкі „Атлант” у першым матчы чвэрцьфінальнай стадыі Кубка Беларусі з лікам 3:0. Гульня цалкам чакана прайшла з перавагай берацейскай дружыны, дзе ў складзе сабраны выдатныя па беларускіх мерках гульцы. Валейбалісткі „Атланта” імкнуліся аказаць супраціў больш дасведчаным суперніцам, аднак увасобіць у жыццё задуманае ў іх атрымлівалася толькі фрагментамі. У выніку берасцейкі святкавалі ўпэўненую вікторыю.

Найбольшую колькасць ачкоў зарабіла Аліна Ільюта (16 пунктаў). У яшчэ адным чвэрцьфінальным паядынку Кубка Беларусі „Мінчанка-2” адолела магілёўскі „Камунальнік-МДУ” — 3:0.

Футбалісты „Нёмана” сталі апошнімі ўдзельнікамі 1/8 фіналу Кубка Беларусі

У заключным паядынку 1/16 фіналу падначаленыя Ігара Кавалевіча ўпэўнена перайгралі ў гасцях прадстаўніка першай лігі нацыянальнага першынства „Слонім” з лікам 3:1. Галявы дубль у пераможцаў аформіў Жан Марэль По, яшчэ адзін мяч забіў Зоран Марушыч, у прайграўшых вызначыўся Данііл Сілінскі. У барацьбе за выхад у чвэрцьфінал „Нёман” сустрэнецца з мазырскай „Славіяй”. Дзеючы ўладальнік Кубка барысаўскі БАТЭ згуляе ў 1/8 фіналу з чэмпіёнамі краіны футбалістамі берасцейскага „Дынама”. Гэтая сустрэча стане паўторам фіналу мінулага кубкавага розыгрышу, у якім барысаўчане адолелі берасцейцаў у дадатковы час з лікам 1:0.

Сасновіч прайграла ў 2-м раўндзе адкрытага чэмпіянату Францыі

Беларуска Аляксандра Сасновіч не выйшла ў 1/16 фіналу адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе. Аляксандра, якая займае 96-е месца ў сусветным рэйтынгу, прайграла ў 1/32 фіналу французскай тэнісістцы Каралін Гарсіі – 6:7, 2:6. Матч доўжыўся 1 гадзіну 44 хвіліны.  Раней  Вікторыя Азаранка прайграла ў другім раўндзе славацкай тэнісістцы Ганне Шмідлавай – 2:6, 2:6.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя