Вольга Гаварцова перамагла на турніры ў ЗША



Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова абыграла амерыканку Клер Лю ў фінале турніру ў ЗША. Лік сустрэчы 6:4, 6:4.

Турнір  KENTUCKY OPEN з прызавым фондам  100 тысяч даляраў праходзіў у Нікаласвілі.

Даратэя Вірэр выйграла золата ў гонцы пераследу на ЧС у Антхольцы

Італьянка Даратэя Вірэр стала чэмпіёнкай свету, заваяваўшы золата ў гонцы пераследу ў жанчын на 10 км на Чэмпіянаце свету ў італьянскім Антхольцы. Адная з лідараў жаночага біятлону, якая стартавала з сёмай пазіцыі,  змагла апярэдзіць канкурэнтак і, дапусціўшы толькі адзін промах на чатырох агнявых рубяжах, прыйшла да фінішу з часам 29 хвілін 22 секунды. Срэбра дасталося немцы Дэніз Херман, якая паднялася так высока з пятага месца. Бронза здабыла нарвежскую прапіску, дзякуючы Марце Олсбю-Ройсэлан, якая ня здолела захаваць пазіцыі, заваяваныя ў спрынце, дзе яна святкавала перамогу.  Што тычыцца выступу беларусак, то Ірына Крыўко фінішавала 49-й, а Алена Кручынкіна была знятая з гонкі за адставанне на круг.

Два медалі выйгралі беларускія батутысты на этапе Кубка свету

Залаты і срэбраны медалі выйгралі беларускія батутысты на першым у сезоне этапе Кубка свету ў Баку. У самым прэстыжным відзе праграмы, індывідуальных скачках, срэбраным прызёрам стаў выхаванец Вілейскай ДЮСШ Іван Літвіновіч.  У сінхронных скачках, якія не ўваходзяць у алімпійскую праграму, упэўненую перамогу святквалі беларусы Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў. Кубак свету па скачках на батуце праходзіў у Баку 15-17 лютага і дзякуючы статусу ліцэнзійнага да Гульняў у Токіо-2020 сабраў на Нацыянальнай гімнастычнай арэне ў Баку 150 спартоўцаў з 30 краін.

Ганна Церлюкевіч стала сёмай ў спартовай хадзе на адкрытым чэмпіянаце Турцыі

Беларуская спартоўка Ганна Церлюкевіч заняла сёмае месца на адкрытым чэмпіянаце Турцыі па спартовай хадзе і заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіо. Беларуска пераадолела дыстанцыю 20 км за 1 гадзіну 29 хвіліны 59 секунд. Для беларускіх лёгкаатлетаў гэта сямнаццатая ліцэнзія на галоўны старт четырохгоддзя.

Беларускія канькабежцы заваявалі 9 медалёў на этапе КС сярод юніёраў у Менску

Беларускія канькабежцы заваявалі 9 медалёў рознай вартасці на этапе Кубка свету сярод юніёраў у Менску. Найбольшага поспеху беларусы дамагліся ў стартах спартоўцаў узросту да 23 гадоў. Два залатыя медалі былі заваяваныя ў камандным пераследзе. У асабістых стартах два срэбра на рахунку Ганны Кавалёвай і Аляксея Кірпічніка на дыстанцыі 3000 м. Бронза ў Ягора Дамарацкага і Кацярыны Слоевай. У заключны дзень турніру срэбраную ўзнагароду выйграў Яўген Балгоў. Яшчэ адну бронзу на свой рахунак запісала Кацярына Слоева.

Менская „Сталіца” перамагла „Ахову-Дынама” ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе

Менская „Сталіца” святкавала дзясятую перамогу ў матчах чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У заключным паядынку 15-га тура „сталічнікі” абыгралі на сваёй пляцоўцы менскую „Ахову-Дынама” з лікам 4:3. За 12 хвілін да фінальнай сірэны чэмпіёны краіны саступалі 1:3, але затым здолелі не толькі адыграцца, але і вырваць перамогу. Лідар першынства аршанскі „Вітэн” упэўнена перайграў у гасцях „Мінск” 6:2. Гомельскі БЧ, які ідзе другім, адолеў на выездзе гарадзенскі клуб „УУС-Дынама” з лікам 1:0.  Становішча ў групе лідараў пасля 15 тураў: „Вітэн” – 36 ачкоў, БЧ – 35, „Сталіца” — 32 ачкі.

«Ягелонія» згуляла ўнічыю ў першым хатнім матчы экстракласы 2020

У першым хатнім матчы, які згуляла беластоцкая «Ягелонія» у 2020 годзе зафіксаваная нічыя.  Гульня з «Каронай» Кельцэ завяршылася з лікам 0:0. Каманда Івайла Пецева не скарысталася добрымі магчымасцямі, каб забіць гол. «Ягелонію» цяпер чакае серыя з чатырох складаных матчаў, першы з якіх ужо ў бліжэйшую суботу з варшаўскай «Легіяй».

„Ювентус” нанёс паразу „Брэшыа” у хатнім матчы 24-га тура чэмпіянату Італіі — 2:0 дзякуючы галам Дзібалы і Куадрада. Паядынак прапускаў лідар „Старой Сіньёры” Крышціяну Раналду – яму быў прадастаўлены адпачынак. „Лацыё” на хатняй арэне адолеў „Інтэр” – 2: 1.

„Тотэнхэм” дамогся перамогі над „Астан Вілай” ў выязным матчы 26-га тура чэмпіянату Англіі – 3:2. Хаўбек „шпор” Сон Хын Мін аформіў дубль. Два галы і на рахунку абаронцы «Тотэнхэма» Тобі Алдэрвейрэлда – ён забіў і ў сваю і ў чужую браму. „Арсенал” разграміў „Ньюкасл” – 4:0. Лонданскі клуб перапыніў серыю з чатырох нічыіх запар.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belnaviny.by