Вольга Гаварцова выйшла ў 3-і раунд кваліфікацыі „Ралан Гарос”
Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (138-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прабілася ў фінал кваліфікацыі адкрытага чэмпіянату Францыі.
У другім кваліфікацыйным раундзе беларуска перамагла ў трохсэтавым паядынку харватку Яну Фет (205) – 4:6, 6:2, 7:5. Без удзелу ў кваліфікацыі ў Парыжы выступяць беларусы Ягор Герасімаў (78), Арына Сабаленка (4), Вікторыя Азаранка (16) і Аляксандра Сасновіч (103). Асноўны турнір стартуе 30 траўня.
Афіцыйны партнёр Алімпіяды ў Токіо папрасіў прэм’ер-міністра Японіі адмяніць Гульні
Японская газета „Asahi Shimbun”, якая з’яўляецца афіцыйным партнёрам летніх Алімпійскіх гульняў у Токіо, заклікала адмяніць Гульні. У матэрыяле, апублікаваным на сайце выдання, падкрэсліваецца: сітуацыя з пандэміяй каронавіруса ўяўляе сабой пагрозу для грамадскай бяспекі, у сувязі з чым правядзенне Алімпіяды не ўяўляецца мэтазгодным. Алімпійскія гульні ў Токіо павінны былі прайсці з 24 ліпеня па 9 жніўня 2020 года. Аднак з-за пандэміі каронавіруснай інфекцыі спаборніцтвы перанеслі на год.
Антоніа Контэ сыдзе з „Інтэра”
Галоўны трэнер міланскага „Інтэра” Антоніа Контэ ў хуткім часе пакіне свой пост, – сцвярджае „La Gazzetta dello Sport”. Па інфармацыі выдання, у спецыяліста паўсталі рознагалоссі з кіраўніцтвам „нерадзуры”. Босы клуба маюць намер паменшыць зарплаты ў камандзе на 20 працэнтаў у сувязі з фінансавым крызісам. Контэ, у сваю чаргу, лічыць, што гэта супярэчыць амбіцыям „Інтэра”, і ўпэўнены, што неабходна ўзмацніць склад. Удакладняецца, што кантракт паміж Контэ і „Інтэрам” можа быць скасаваны ўжо ў бліжэйшыя 48 гадзін.
УЕФА рыхтуецца выключыць „Барселону”, „Рэал” і „Ювентус” з Лігі чэмпіёнаў
УЕФА збіраецца дыскваліфікаваць „Барселону”, „Рэал” і „Ювентус” з Лігі чэмпіёнаў у наступным сезоне за іх актыўны ўдзел у стварэнні Суперлігі. Па дадзеных СМІ, акрамя дыскваліфікацыі, на клубы можа быць накладзены вялікі грашовы штраф. Суперліга з удзелам 12 каманд утварылася 19 красавіка, але ўжо праз два дні дзевяць клубаў абвясцілі аб выхадзе са спаборніцтва. Толькі „Барселона”, „Рэал” і „Ювентус” да гэтага часу не абвясцілі пра выхад з праекта.
„Манчэстар Юнайтэд” і „Вільярэал” згуляюць у фінале футбольнай Лігі Еўропы
Англійскі „Манчэстар Юнайтэд” і іспанскі „Вільярэал” 26 траўня сустрэнуцца ў фінале Лігі Еўропы. Вырашальны паядынак клубнага турніру будзе судзіць брыгада французскіх арбітраў, якую ўзначаліць Клеман Цюрпэн. Фінальны матч Лігі Еўропы пройдзе ў польскім Гданьску. Сустрэча пачнецца а 22.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: GETTY IMAGES