Вольга Корбут выставіла на аўкцыён алімпійскія медалі



Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па гімнастыцы Вольга Корбут прадае алімпійскія медалі, заваяваныя ёю на Алімпіядах у Мюнхене і Манрэалі, паведамляе выданне „Беларусь сегодня”.

Фота: Міхаіла Пяньеўскага

Спартоўка выставіла на аўкцыён Platinum Night пяць узнагарод з Алімпійскіх гульняў 1972 і 1976 гадоў, гімнастычны купальнік, у якім яна выступала ў Лондане ў 1973 годзе, значкі майстра спорту СССР і свой першы амерыканскі пашпарт, выдадзены ў 2000 годзе. Пачатковы кошт медалёў складае ад 15 да 26 тысяч долараў.

Рэдкае фота. Вольга Корбут і яе трэнер Рэнальд Кныш.

Аўкцыён пройдзе ў Даласе 24 і 25 лютага. Арганізатары мерапрыемства разлічваюць, што агульная сума продажаў перавысіць 10 мільёнаў даляраў.

Навіна пра тое, што Корбут вырашыла прадаць з малатка свае ўзнагароды, не стала шокам – гімнастка так і не змагла ўладкавацца ў ЗША. У 2002 годзе былая спартоўка трапілася на крадзяжы прадуктаў у супермаркеце, прычым агульная сума скрадзенага не дацягвала нават да 20 даляраў. Літаральна праз пару месяцаў яе сына Рычарда пасадзілі ў турму за выраб фальшывых грошай.

За сваю кар’еру Корбут заваявала шэсць алімпійскіх узнагарод – чатыры залатыя медалі і два срэбныя. Яна першай у свеце выканала ўнікальны элемент, які пазней назвалі ў яе гонар – „пятля Корбут”.