Вольга Паўлюкоўская перайшла ў гарадзенскі „Камунальнік”



Вядомая беларуская валейбалістка Вольга Паўлюкоўская, якая апошнія некалькі гадоў гуляла ў элітным дывізіёне чэмпіянату Польшчы, перайшла ў гарадзенскі „Камунальнік”.

Беларуска выступала за розныя клубы Польшчы восем гадоў. Цяперашні сезон яна пачынала ў камандзе КСЗО з Астраўца-Свентакшыцкага як капітан. Як паведамлялі польскія медыі, прычынай такога рашэння сталі фінансавыя запазычанасці перад спартоўкай. У Вольгі Паўлюкоўскай было некалькі прапаноў ад нямецкіх, польскіх і беларускіх клубаў, але яна заключыла пагадненне з „Камунальнікам-ГрДУ”.

Паўабаронца Аляксей Рыас пакідае БАТЭ

Аляксей Рыас, якому зараз 32 гады, правёў у барысаўскай камандзе 168 гульняў, забіўшы 18 мячоў. У складзе нацыянальнай зборнай ён адыграў 10 матчаў, забіўшы 1 гол. Напярэдадні БАТЭ таксама пакінуў сербскі паўабаронца Слабадан Сімавіч, які выступаў за барысаўчан з сакавіка 2018 года, заваяваўшы золата і срэбра чэмпіянату Беларусі.

Паўабаронца Аляксей Лягчылін працягнуў кантракт з „Нёманам” на сезон-2020, які стане для футбаліста ўжо дзявятым у складзе гарадзенскага клуба.

Украінскі нападнік Дзмітрый Біланог працягнуў кантракт з менскім „Дынама”. Новае пагадненне разлічана да канца сезона-2020. У 2019 годзе Дзмітрый стаў другім у спісе лепшых снайпераў клуба.

Гвінейскі нападнік Мамо Янсане працягне кар’еру ў „Іслачы”. Клуб з Менскага раёна выкупіў трансферныя правы на футбаліста ў мараканскага ФЮС. 21-гадовы форвард з Гвінеі падпісаў доўгатэрміновы кантракт з „ваўкамі”.

Павел Варабей дэбютаваў за „Віцязь” у пераможным матчы з „Амурам”

У матчы чэмпіянату КХЛ „Амур” на сваім лёдзе саступіў у серыі булітаў „Віцязю” – 2:3. Беларускія абаронцы Дзмітрый Корабаў (у гаспадароў), Павел Варабей і Ілля Шынкевіч (у гасцей) не адзначыліся выніковымі баламі. Для Вараб’я гэта быў першы матч у форме падольскага клуба. Ён правёў на лёдзе 9 хвілін 27 секунд і выканаў адзін сілавы прыём.

Аліна Змушка ўстанавіла новы рэкорд Беларусі на дыстанцыі 50 метраў брасам

На чэмпіянаце Еўропы-2019 па плаванні на „кароткай вадзе” ў Глазга Аліна Змушка ўстанавіла новы рэкорд Беларусі ў кваліфікацыі на дыстанцыі 50 метраў брасам – 29,77 секунды. Ранейшае дасягненне раўнялася 30,29 секунды. Змушка прайшла ў наступную стадыю з трэцім паказчыкам. Лепшы час паказала італьянка Марціна Карара.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота КСЗО