Ворша для лёгкай атлетыкі. Дзе “расла” Аліна Талай



Хто такая Аліна Талай, не варта запытваць у беларускай моладзі. Нават мінімальна абазнаныя ў спорце ведаюць спрынтарку, якая ў 2014 годзе стала “Лёгкаатлеткай года”, а ў 2015-м выйшла на новы ўзровень — заваявала бронзавы медаль на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў бегу на 100 метраў з бар’ерамі. “Радыё Рацыя” знаёміць чытачоў з месцамі, дзе ў роднай Воршы трэніравалася Аліна Талай.

Для таго, каб пачаць, неабходна ўзгадаць, як звычайная аршанская школьніца наогул трапіла ў спорт. Гісторыя можа і не прэтэндуе на званне нестандартнай, але вартая ўвагі. Аліна прыйшла на стадыён “Лакаматыў” на турнір “Старты надзей”. Заўважылі яе зусім не па бар’ерным бегу, а па скачках у даўжыню. Праз некалькі тыдняў шукаць Аліну ў сярэднюю школу № 4 (сёлета Талай стала пачэсным выпускніком школы, якую яна праславіла) прыйшоў трэнер па лёгкай атлетыцы Аляксандр Гуцін. Так Аліна і прыйшла ў спорт. У дыспансеры спартовай медыцыны ў будучай зоркі беларускага спорту выявілі пралапс мітральнага клапана, аднак трэніроўкі пайшлі ўсё адно, бо вялікім было жаданне, імпэт.А гэта — 50% атлета. Паколькі ўпершыню Талай заўважылі на стадыёне “Лакаматыў”, мы і пачынаем нашу віртуальную экскурсію па Воршы з яго.

Лакаматыў4

Лакаматыў3

Вось тая самая яма з пяском для скачкоў у даўжыню. Дадамо трошкі пафасу і зробім заяву: так, скокнуўшы менавіта сюды, Талай зрабіла скачок у спорт.

Лакаматыў1

Прыходзіла ў секцыю лёгкай атлетыкі Талай не адна. Вядома ж, у дзяцінстве дзеці часта прыходзяць да нейкай справы разам. Потым нехта адыходзіць ад захаплення, а нехта працягвае. Аліна не выключэнне, як прызнаецца сама спрынтарка, яна прыйшла ў секцыю са сваёй сяброўкай Ксеніяй Сакаловай. Ды што там сяброўкай, з дзяцінства яны былі практычна сёстрамі. Вось, што нам распавяла сама Ксенія: Мы з Алінай з дзяцінства жылі на адным паверсе ў інтэрнаце, можна сказаць, што нашы бацькі пазнаёмілі дзвюх дзяўчынак гады ў тры. Тым больш інтэрнат, дзе стала жывуць людзі — там па вызначэнні няма чужых дзяцей, усе дзеці агульныя, мы нібыта ў адной сям’і раслі. Хіба што спаць разыходзіліся па розных кватэрах. А трэніравацца Аліна паклікала мяне “за кампанію”. Так і хадзілі потым разам, уцягнуліся. Толькі потым я закінула лёгкую атлетыку і ў прыватнасці бег, а яна засталася. Усё заканамерна — з вынікамі, што Аліна паказвала, было б вялікай памылкай адмовіцца ад спорту! Памятаю нашы заняткі ў секцыі. Хадзілі 2-3 разы на тыдзень на стадыён “Лакаматыў”, нейкі час нават у першую змену хадзілі. А пасля трэніровак кіраваліся ў школу, я вучылася ў школе № 1, а Аліна ў школе № 4. Узімку былі ў спартовай залі, а ўлетку на стадыёне. Калі прыходзілі вакацыі, трэніроўкі ніхто і не думаў закідваць, пераходзілі ў маленькі манеж пад школай № 3.

Жыццё бяжыць, і вось Ксенія Сакалова назірае за лёгкай атлетыкай па тэлевізары і праз інтэрнэт, затое стала цудоўным медыкам. У размове яна згадала пра манеж пад школай № 3, што ж, адпраўляемся туды. На яго месцазнаходжанне намякае жалезная клетка. Відаць, менавіта там і знаходзіцца той самы манеж.

Заходзім, і сапраўды, там!

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Гэта колішні цір, які ў свой час быў абсталяваны пад невялічкі манеж. Тут цемнавата, рыштунак стары, яшчэ савецкі. І гэта яскравы доказ, што спартоўца высокага класу можна падрыхтаваць нават у такіх несамавітых умовах. Галоўнае, каб чынавенства было дбайным і паступова паляпшала ўмовы для юных спартоўцаў, каб яшчэ больш талентаў у выніку трапляла ў вялікае спартовае жыццё.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Пазнаёміліся з адным манежам, цяпер крочым у іншы раён горада, які называецца “Легмаш”, па імі завода, які тут знаходзіцца. Ад манежу ў СШ № 3 сюды хвілін 45 хады, ад СШ № 4, дзе Аліна вучылася, больш за гадзіну. Фактычна, разбежка паміж аб’ектамі дазваляе чалавеку, які трапіў у Воршу ўпершыню, абысці паўгорада і някепска вывучыць яго. На Легмашы яшчэ адзін міні-манеж, тут і цяпер працуе трэнер Аляксандр Гуцін, у якога Аліна займалася 8 гадоў. Вось трэнерскі пакой:

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У манежы ёсць сектар для скачкоў у вышыню, яма для скачкоў у даўжыню. Што прыцягвае ўвагу — старыя савецкія трэнажоры. Але гэта зусім не сведчыць пра тое, што становішча кепскае. Стан трэнажораў — доказ таго, якія трэнеры вялікія вынаходнікі і як можна выкручвацца з не самых простых фінансавых умоваў. Пакуль стары метал павыкідалі ў сотнях месцаў і не паўсюль дачакаліся якаснага новага, у Оршы ў манежы захавалі стары і прыстасавалі яго пад трэніроўкі.

 

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Акрамя газетных артыкулаў пра Талай, у манежы можна заўважыць інфармацыю і пра іншых спартоўцаў краю. Напрыклад, Наталлю Міхневіч (Харанэка) — знакамітую беларускую штурхальніцу ядра.

Плошчу для лёгкаатлетаў на Легмашы прапаноўвалі пашырыць, хаця б на 20 метраў у даўжыню, аднак пасля зацятых спрэчак зрабіць гэта не дазволілі, ён застаўся ў ранейшых памерах 29 на 12 метраў. Калі б дадаць яшчэ метраў 50, тут можна было б часцей выхоўваць спартоўцаў высокага класу.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Не абмінаюць на стэндах і поспехі юных. Напрыклад, на стэндзе — фотаздымак Святланы Губенка, якая заваявала срэбра ў бегу на 100 метраў на юніёрскім чэмпіянаце Беларусі. У Воршы кажуць, што гэта будучая Талай, але для таго, каб гэта стала рэальнасцю, маладой зорачцы яшчэ трэба праліць дзясяткі літраў поту на трэніроўках.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Тыя самыя бар’еры, самыя першыя, якія абмінала адна з галоўных алімпійскіх надзей на Рыа-дэ-Жанэйра-2016. Імі і скончым падарожжа па лёгкаатлетычнай Воршы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Немагчыма абысціся без ноты нязгоды і выступіць у падтрымку прапановы пабудаваць у Воршы манеж для лёгкай атлетыкі. Маленькія манежы, абсталяваныя з вялікай доляй трэнерскіх сэрцаў і сілаў, гэта таксама няблага. Але ў горадзе за Лядовым палацам будуецца зала для гульнявых відаў спорту, канкрэтнага месца пад веласпорт, цяжкую і лёгкую атлетыкі, якія шмат славілі горад, у новым аб’екце не прадугледжана. Аднак Ворша даўно заслужыла свой манеж для лёгкай атлетыкі. Сама Аліна Талай кажа пра гэта: У Воршы цудоўныя трэнеры, выдатны стадыён. Калі б у горадзе збудавалі і манеж для лёгкай атлетыкі, вынікі юных спартоўцаў былі б яшчэ вышэйшымі. Беларуская зямля багатая на спартовыя таленты, іх неабходна знаходзіць і падтрымліваць.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя