ВРЗ стаў уладальнікам Суперкубка Беларусі па міні-футболе



Спартоўцы гомельскага ВРЗ ўпершыню сталі ўладальнікамі Суперкубка Беларусі па міні-футболе. У Магілёве ўладальнікі Кубка краіны мінулага сезону ўпэўнена перамаглі чэмпіёна Беларусі аршанскі „Вітэн” з лікам 7:3. Тры папярэднія сезоны запар Суперкубак заваёўваў менавіта „Вітэн”.

Новак Джокавіч і Данііл Мядзведзеў сталі фіналістамі US Open

На адкрытым чэмпіянаце ЗША вызначыліся фіналісты ў мужчынскім адзіночным разрадзе. Першая ракетка свету серб Новак Джокавіч ў пяцісэтавым паўфінале адолеў прадстаўніка Германіі Аляксандра Зверава, які займае 4-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 4:6, 6:2, 6:4, 4:6, 6:2. У вырашальным паядынку US Open сербскі тэнісіст сустрэнецца з другім нумарам сусветнага рэйтынгу расейцам Даніілам Мядзведзевым, які абыграў у трох партыях канадскага тэнісіста Фелікса Ожэ-Альясіма (15-ы нумар рэйтынгу АТР) – 6:4, 7:5, 6:2.

Крысціна Дзмітрук выйшла ў фінал юніёрскага „US Open”

Крысціна Дзмітрук (6-ы нумар пасеву, 1018-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў фінал юніёрскага „US Open”. Беларуска ў паўфінальным паядынку разграміла швейцарку Себасціану Шыліпоці (726 ВТА) – 6:1, 6:2. У фінале Дзмітрук будзе сапернічаць з амерыканкай Робін Мантгомеры (365 ВТА). Сустрэча пройдзе 11 верасня і стартуе ў 20.00 па беларускім часе.

Ян Каравай, Беларарускае Радыё Рацыя