ВРЗ зраўняў лік у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе



Гомельскі ВРЗ перамог на сваёй пляцоўцы аршанскі „Вітэн” з лікам 2:1 і зраўняў лік у фінальнай серыі да трох перамог – 2:2. Паядынак у Гомелі пачаўся з нападаў гаспадароў, але лік адкрылі госці: на 4-й хвіліне Аляксей Пятроў вывеў „Вітэн” наперад. Прапусціўшы мяч, гамяльчане працягвалі атакаваць, і на 16-й хвіліне сустрэчы Вячаслаў Грыгор’еў зраўняў лік. Пасля перапынку ён жа забіў пераможны гол – 2:1 на карысць ВРЗ. Вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 21 чэрвеня ў Воршы.

Арцём Каралёк можа працягнуць кар’еру ў „Пары Сен-Жэрмен” або „Барселоне”

Гандбаліст зборнай Беларусі Арцём Каралёк можа працягнуць кар’еру ў „Пары Сен-Жэрмэн” або „Барселоне”. Французскі і іспанскі клубы праяўляюць цікавасць да гульца польскага „Вівэ”. Пра гэта інфармуе македонскі партал 24rakomet.mk. Пры гэтым генеральны спонсар цяперашняга клуба Каралькова VIVE Group спыніў фінансаваць „Вівэ”.

Дубль Бензема дапамог «Рэалу» разграміць «Валенсію»

У матчы 29-га тура чэмпіянату Іспаніі «Рэал» прымаў «Валенсію». Сустрэча прайшла на стадыёне «Альфрэда дзі Стэфана» ў Мадрыдзе і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 3:0. На 61-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «Рэала» Карым Бензема, які забіў гол пасля перадачы форварда мадрыдскага клуба Эдэна Азара. Праз 13 хвілін нападнік Марка Асэнсіа, які выйшаў на замену, умацаваў перавагу гаспадароў. На 86-й хвіліне Бензема аформіў дубль і давёў лік да разгромнага. Мадрыдскі «Рэал» набраў 62 ачкі і займае 2-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Іспаніі.

ЧЕ-2022 па летніх відах спорту ў Мюнхене папоўнілі чатыры дысцыпліны

Чэмпіянат Еўропы па летніх відах спорту ў Мюнхене папоўніўся стартамі па пляжным валейболе, настольным тэнісе, скалалажанні і веславаннем на байдарках і каноэ, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт спаборніцтваў. Раней мультыспартовы форум у трэцім па велічыні горадзе Нямеччыны аб’яднаў такія віды спорту, як лёгкая атлетыка, веласпорт, спартовая гімнастыка, акадэмічнае веславанне і трыятлон. Старты пройдуць з 11 па 21 жніўня 2022 года. Першы ў гісторыі чэмпіянат Еўропы па летніх відах спорту адбыўся у 2018 годзе ў шатландскім Глазга і нямецкім Берліне. Зборная Беларусі ў агульным заліку турніру заняла 15-е месца, заваяваўшы 4 залатыя, 2 срэбраныя і 3 бронзавыя медалі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА