„Вы здраднікі”. Баскаў пракаментаваў перанос ЧС па хакеі з Менска
Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў назваў здраднікамі прадстаўнікоў Фонда салідарнасці спартоўцаў, якія, на ягоную думку, адабралі „ў беларускага народа сапраўднае свята”.
Напярэдадні стала вядома, што Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) прыняла рашэнні аб пераносе матчаў чэмпіянату свету з Беларусі. Такі крок у арганізацыі патлумачылі праблемамі з бяспекай у краіне.
Баскаў мяркуе, што Міжнародная федэрацыя хакея і спонсары, якія адмовіліся ўкладаць грошы ў турнір, калі ён пройдзе ў Менску, „сталі ахвярамі палітычных гульняў вакол Беларусі”.
Пытанне аб пераносе матчаў чэмпіянату свету па хакеі, які сумесна павінны былі правесці ў траўні-чэрвені 2021 года Менск і Рыга, паўстала пасля прэзідэнцкіх выбараў. Убачыўшы гвалт, які беларуская ўлада ўжыла да нязгодных, Латвія заявіла, што не бачыць магчымасці праводзіць сумесны чэмпіянат. Цягам восені рэпрэсіі ў дачыненні да нязгодных толькі ўзмацняліся. Акрамя таго, Баскаў быў заўважаны ў месцы, дзе затрымалі і збілі Рамана Бандарэнку. Бандарэнка памёр на наступны дзень у лякарні ад атрыманых траўмаў. У дачыненні да Баскава Міжнародная федэрацыя хакея пачала расследаванне.
Хакейныя федэрацыі шэрагу краін заявілі аб магчымым байкоце турніру, калі ён пройдзе ў Менску. Шэраг кампаній-спонсараў таксама адмовіўся ўкладаць грошы ў чэмпіянат, калі яго не перанясуць. Напярэдадні прыняцця рашэння кіраўнік IIHF Рэнэ Фазель прыляцеў у Менск пагутарыць з Аляксандрам Лукашэнкам. Сустракаўся ён і з Баскавым. Але пазней апраўдваўся, што паездка атрымалася недарэчнай. „У Менску гуляў з агнём. І мы крыху абгарэлі”, — казаў Фазель па выніках візіту ў Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя