Вядомы спартовец памёр ад каронавірусу ў Берасці



Вядомы спартовец памёр ад каронавірусу ў Берасці. З жыцця пайшоў чэмпіён Беларусі па паўэрліфтынгу Сяргей Кузняцоў. Яму было толькі 39.

7 чэрвеня яго шпіталізавалі з запаленнем лёгкіх. У лякарні ў яго ўзялі тэст на COVID-19. Вынік прыйшоў станоўчы. Стан Сяргея пагоршыўся, і 15 чэрвеня яго адправілі на апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх.

– У яго каля трох гадоў таму была вельмі моцная пнеўманія. Перахварэў. А тут… Лекары рабілі ўсё магчымае і немагчымае, – распавяла жонка Сяргея Вольга. Прычынай смерці Кузняцова пазначаны не каронавірус, а «вострая лёгачна-сардэчная недастатковасць».

Пахавалі Сяргея Кузняцова, якога яшчэ называлі «берасцейскім зубром», 28 чэрвеня на Паўночных могілках горада.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vk.com