Вядомы ўсе чвэрцьфіналісты Лігі чэмпіёнаў
Вызначыліся ўсе чвэрцьфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Апошнія пропускі ў наступную стадыю заваявалі турынскі „Ювентус” і „Барселона”.
„Старая сіньёра” не пакінула нават прывідных шанцаў дортмундскай „Барусіі”. Першая сустрэча завяршылася на карысць „Юве” -2:1. У Германіі ж саліраваў аргенцінскі форвард Карлас Тэвес. Ужо на 3-й хвіліне ён засмуціў Дортмунд. А ў другім тайме аформіў дубль і запісаў на свой рахунак яшчэ голавую перадачу на Альвара Марату – у выніку 3:0 на карысць гасцей-апенінцаў.
„Барселона” пасля гасцявой вікторыі 2:1 прымала на „Камп ноў” брытанскі „Манчэстар сіці” і зноў перамагла – 1:0. Адзіны мяч запісаў на свой рахунак Іван Ракіціч, скарыстаўшыся пасам-парашутам ад Ліанэля Месі. Зорныя каталонцы не рэалізавалі процьму момантаў. да таго ж бліскуча гуляў на браме Джо Харт. У гасцей надзея ўспыхнула толькі аднойчы, калі яны атрымалі права на пенальці. Аднак 11-мятровы ня здолеў рэалізаваць Серхіё Агуэра – яго стрэл парыраваў нямецкі брамнік Марк-Андрэ тэр Штэген. На тым і разышліся.
Такім чынам у чвэрцьфінал бягучага розыгрышу Лігі чэмпіёнаў выйшлі тры клубы з Іспаніі – мадрыдскія “Рэал” і “Атлетыка”, “Барселона”, два з Францыі – “Пары Сэн-Жэрмэн” і “Манака” і па адным яшчэ з трох краін: Партугаліі – “Порту”, Італіі – турынскі “Ювентус” і Германіі – мюнхенская “Баварыя”. Не прайшоў у гэтую стадыю аніводны брытанскі клуб. Выляцелі ў 1/8-й адразу тры нямецкія каманды.
Беларускае Радыё Рацыя