Марафон “Налібокі” сабраў аматараў з Беларусі і замежжа
Доўгачаканая спякота, больш за 200 кіламетраў маляўнічай дыстанцыі і каля тысячы прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця.
На выходных у Менскай вобласці прайшоў вялікі аматарскі марафон “Налібокі”. Спартоўцы-аматары са ўсёй краіны сабраліся каля вёскі Міжрэчча Валожынскага раёна дзеля таго, каб прайсці роварныя і бегавыя дыстанцыі рознай ступені складанасці.
Марафон распачаўся ў суботу апоўдні і цягнуўся цэлыя суткі. Удзельнікі праходзілі абраныя дыстанцыі як індывідуальна, так і цэлымі сем’ямі, нават з маленькімі дзецьмі.
Дарэчы, самаму старэйшаму ўдзельніку марафону не так даўно споўніўся 71 год:
– Кожан Міхаіл Уладзіміравіч, мне 71 год. Я ўдзельнічаў у гэтым марафоне ўпершыню, хоць кожны год бегаю марафоны. Вельмі складаная траса. Першая частка больш-меньш спакойная, а другая частка – лес, грунтавая дарога і горкі.
Аматарскі марафон “Налібокі” адбываецца ужо дзевяты раз і збірае спартоўцаў-аматараў як з Беларусі, так і з блізкага замежжа. У гэтым годзе марафонскія трасы праходзілі па Валожынскім, Стаўбцоўскім, Дзяржынскім і Менскім раёнах.
Надзея Бялінская, Беларускае Радыё Рацыя