Вышэйшая Ліга можа страціць „Смаргонь”



Пасля заканчэння сезона «Смаргонь» можа апынуцца расфармаванай і спыніць сваё існаванне ў цяперашнім выглядзе. Улетку праходзіла інфармацыя аб няпростай фінансавай сітуацыі ў клубе. Пад пытаннем далейшае існаванне не толькі мужчынскай, але і жаночай каманды. На гэты момант каманда з Гарадзенскай вобласці з 21 ачком займае 12-е месца у чэмпіянаце Беларусі па футболе. Ёй засталося правесці адзін матч супраць берасцейскага „Дынама”. „Смаргонь” вярнулася ў вышэйшую лігу ў гэтым годзе, заняўшы па выніках мінулага сезона другое месца ў Д2. Для смаргонцаў цяперашні сезон – пяты ў эліце. Каманда дэбютавала ў першым дывізіёне ў 2007 годзе.

У Чэмпіянаце Венгрыі можа з’явіцца яшчэ адзін беларускі футбаліст

Ілля Чарняк праходзіць прагляд у венгерскім «Дыяшдзьёры», за які выступае Уладзіслаў Клімовіч. Нападнік маладзёжнай зборнай Беларусі прыняў удзел у таварыскім матчы супраць «Дэбрэцэна». Сёлета Чарняк выступаў за расейскі „Ахмат”, згуляўшы 3 матчы і „Каспій” з чэмпіянату Казахстана, дзе правёў 8 гульняў, забіўшы 1 гол і зрабіўшы 2 галявыя перадачы.

Зборная Беларусі па хакею згуляе ў Міжнародным турніры ў Новасібірску

У красавіку ў Новасібірску адбудзецца Міжнародны турнір па хакеі з удзелам каманд Расеі, Беларусі і Казахстана. Матчы пройдуць на стадыёне „Сібір-Арэна”.

Як паведамляе Міністр фізічнай культуры і спорту Новасібірскай вобласці Сяргей Ахапаў, у рамках спаборніцтваў упершыню на арэне ў Новасібірску пройдуць, акрамя асноўных матчаў, гульні па хакеі ў фармаце „3 на 3”.

Лядовы палац „Сібір-Арэна” ўмяшчае 10587 гледачоў. Адной з галоўных прычын яго будаўніцтва было правядзенне матчаў маладзёжнага чэмпіянату свету-2023, аднак сусветнае першынство было перанесена з Расеі.

Менскія дынамаўцы адкрыюць дамашнюю серыю ў КХЛ матчам з ЦСКА

Хакеісты менскага „Дынама” сёння пачнуць чарговую хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Супрацьстаяць падначаленым Дзмітрыя Квартальнага будуць дзейныя чэмпіёны КХЛ з маскоўскага ЦСКА. Да гульні супраць „армейцаў” „зубры” падыходзяць у нядрэнным настроі – два дні таму беларуская каманда ў гасцях абыгрыла екацярынбургскі „Аўтамабіліст” з лікам 4:1. Праўда, гэтаму поспеху мінчан папярэднічалі чатыры паразы запар. У сённяшняй гульні ў форме „Дынама” можа дэбютаваць канадскі навічок клуба з багатым вопытам гульні ў НХЛ Брэт Рычы, кантракт з якім быў падпісаны на мінулым тыдні.

Лёгкаатлетка Аліна Талай завяршыла спартовую кар’еру

34-гадовая беларуская лёгкаатлетка Аліна Талай завяршае спартовую кар’еру. Пра гэта яна напісала ў сваім Інстаграм-акаўнце. Цяпер яна плануе займацца трэнерскай дзейнасцю. Талай спецыялізуецца ў бегу на 100 метраў з бар’ерамі. Яна тройчы выйгравала золата на чэмпяінатах Еўропы і была бронзавай прызёркай чэмпіянату свету. Апошнімі гадамі спартоўку пераследвалі траўмы. Яны ж сталі прычынай завяршэння спартовай кар’еры.

„Перад Алімпіядай у Токіа (2021) на першым старце ў сезоне разарвалася ахілава сухажылле, што, вядома ж паставіла крыж на удзеле ў трэціх Алімпійскіх гульнях і, як апынулася, кар’еры”, — тлумачыць Аліна Талай.

Беларускае Радыё Рацыя