Вызначаны склад беларускіх біятланістаў на змешаную эстафету
Трэнеры алімпійскай зборнай Беларусі вызначылі склад на змешаную эстафету па біятлону. На першую алімпійскую гонку 5 лютага выйдуць Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Мікіта Лабастаў і Антон Смольскі. Старт адбудзецца ў 12.00 па беларускім часе. Усяго на зімовых Гульнях-2022 у біятлоне будзе разыграна 11 камплектаў узнагарод.
Ілля Івашка прайграў у 1/16 фіналу тэніснага турніру ў Манпелье
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка не змог прайсці ў другі раунд турніру катэгорыі АТР-250 у французскім Манпелье. У 1/16 фіналу адзіночнага разраду беларус саступіў у двух сэтах амерыканскаму тэнісісту Макензі Макдональду – 3:6, 6:7 (2:7). Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 35 хвілін. У матчы за трапленне ў чвэрцьфінал амерыканец будзе супернічаць з трэцяй ракеткай планеты прадстаўніком Германіі Аляксандрам Зверавым, які пасеяны пад першым нумарам. Яшчэ адзін беларускі тэнісіст Уладзімір Ігнацік выйшаў у 1/8 фіналу спаборніцтваў у егіпецкім Шарм-эль-Шэйху з прызавым фондам 25 тысяч даляраў.
Галоўным трэнерам салігорскага „Шахцёра” зацверджаны Яраслаў Чупрыс
Галоўным трэнерам хакейнага клуба „Шахцёр” зацверджаны Яраслаў Чупрыс, паведамляе прэс-служба салігорскага клуба. Да гэтага спецыяліст быў выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера. На пасадзе рулявога „Шахцёра” Яраслаў Чупрыс у пачатку студзеня змяніў Юрыя Файкова. На гэты момант салігорскі клуб з 63 ачкамі ідзе на чацвёртым месцы экстралігі, саступаючы лідыруючаму „Юнацтву” 14 балаў. У якасці гульца Яраслаў Чупрыс быў чатырохразовым чэмпіёнам Беларусі, уладальнікам Кубка Шпэнглера і Кантынентальнага кубка. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі форвард удзельнічаў у пяці чэмпіянатах свету. Салігорскаму „Шахцёру” Яраслаў Чупрыс прысвяціў значную частку кар’еры: за „гарнякоў” хакеіст правёў 228 матчаў, у якіх набраў 179 ачкоў.
Зборная Сенегала выйшла ў фінал Кубка Афрыканскіх нацый
Зборная Сенегала стала першым фіналістам Кубка Афрыканскіх нацый па футболе, які праходзіць у Камеруне. У паўфінальным матчы сенегальцы абыгралі каманду Буркіна-Фасо з лікам 3:1, усе мячы былі забіты ў апошнія 20 хвілін сустрэчы. За „львоў Тэрангі” вызначыліся Абду Дыяла і Ідрыса Гуе, буркінійцы намаганнямі Ібраіма Турэ адыгралі адзін гол, але гэтым і абмежаваліся. Кропку ў гульні ў кампенсаваны час паставіў форвард пераможцаў Садыё Манэ. Сенегальцы прымуць удзел у фінале Кубка Афрыкі трэці раз у гісторыі. Раней каманда дабіралася да вырашальнага матча турніру ў 2002 і 2019 гадах, але абодва разы саступала. У фінале зборная Сенегала згуляе з пераможцам пары Камерун – Егіпет.
Беларускае Радыё Рацыя