Вызначыліся пары 1/8 фіналу Кубка Беларусі па футболе
У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне пар 1/8 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. Дзеючы ўладальнік Кубка краіны салігорскі „Шахцёр” згуляе ў гасцях у прадстаўніка 1-й лігі гомельскага „Лакаматыва”. Склады астатніх пар: „Нафтан” (Наваполацк) – „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) БАТЭ (Барысаў) – „Тарпеда” (Менск) „Энергетык-БДУ” (Менск) – „Іслач” (Менскі раён) „Дынама” (Менск) – „Гомель” „Славія” (Мазыр) – „Віцебск” „Дынама” (Берасце) – „Менск” „Дняпро” (Магілёў) – „Слуцк”.
Мужчынская зборная Беларусі па хакеі на траве прайграла Польшчы на старце ЧЕ ў Францыі
Мужчынская зборная Беларусі па хакеі на траве прайграла зборнай Польшчы на старце чэмпіянату Еўропы ў дывізіёне Б, матчы якога праходзяць у Францыі. Сустрэча завяршылася з лікам – 0:4. Другі матч у групе B зборная, складзеная з гульцоў берасцейскага „Будаўніка” і „Менска”, правядзе супраць Чэхіі 30 ліпеня, а завершыць групавы этап гульнёй супраць Францыі 31 ліпеня.
Беларуска Вольга Федаровіч стала бронзавай прызёркай этапу КС па шашках у Латвіі
Беларуска Вольга Федаровіч стала бронзавай прызёркай этапу Кубка свету па 100-клетачных шашках у Рызе. Міжнародны гросмайстар, другі нумар сусветнага рэйтынгу, набрала 12 ачкоў з 18 магчымых. Перамагла ў спаборніцтвах Арлета Флісіковска з Польшчы, якая набрала на ачко больш, на другім месцы ўкраінка Юлія Макаранкава. З беларускіх спартовак у дзесятку наймацнейшых таксама патрапіла Яна Якубовіч, якая размясцілася на восьмым месцы.
Ілля Івашка трапіў у асноўную сетку на турніры АТП у Вашынгтоне, нягледзячы на паразу ў кваліфікацыі
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (N 126 АТП) пацярпеў паразу ў вырашальным раўндзе кваліфікацыі на турніры АТП у Вашынгтоне, саступіўшы датчаніну Мікаэлю Тарпегаарду (177) – 6:4, 4:6, 3:6. Аднак беларус усё ж быў уключаны ў асноўную сетку як „лакі лузер” і сёння позна вечарам у першым раўндзе згуляе з французам Адрыянам Манарына (66).
Вікторыя Азаранка (№38 рэйтынгу WTA) стартуе на турніры ў Сан-Хасэ сустрэчай з Харман Тан з Францыі. Саперніца паспяхова прайшла кваліфікацыю і пазмагаецца з беларускай за выхад у другі круг турніру. Матч паміж тэнісісткамі запланаваны на 30 ліпеня.
Беларуская тэнісістка Ганна Кубарава перамагла на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы ў Швейцарыі
Ганна Кубарава перамагла на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы (U-18) у Швейцарыі, паведамілі ў прэс-службе Беларускай тэніснай федэрацыі. У паўфінале Ганна аддала толькі адзін гейм францужанцы Людміле Бенчэіх – 6:1, 6:0. У вырашальным матчы за залаты медаль Ганна святкавала поспех у двух сэтах над Кайсай Вільд Хенэман з Швецыі – 6:2, 7:6.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя