Вызначыліся паўфіналісты футбольнага Кубку Беларусі



У суботу і нядзелю вызначыліся паўфіналісты футбольнага Кубку Беларусі. 

18 сакавіка берасцейскае „Дынама” пры гарачай падтрымцы сваіх зяўзятараў (агулам гледачоў было ажно 7300!) дамаглося нулявой нічыі з аднайменным сталічным клубам. 0:0 цалкам задаволілі каманду Уладзіміра Жураўля, паколькі у першым паядынку ў Менску была зафіксаваная выніковая нічыя 2:2.

Салігорскі „Шахцёр” без асаблівых праблемаў зноў даў рады гомельскаму „Лакаматыву” – 2:1. У першай сустрэчы на выездзе салігорцы перамаглі ажно 3:0. На сваім полі фаварыту не трэба было асабліва напружвацца. Забітымі мячамі ў гаспадароў вызначыліся Кляшчонак і Януш, паміж імі з пенальці забіў гомелец Хіжнічэнка (усе галы былі зафіксаваныя з 55-й па 59-ю хвіліну).

У нядзелю пэўную сенсацыю здзейсніў ФК „Слуцк”. На чужым полі „цукровыя” прайгралі першы матч жодзінскаму „Тарпеда” – 0:1, але дома здолелі ўзяць рэванш з больш пераканаўчым лікам – 2:0. На 59-й хвіліне лік адкрыў Юсаў, а на 80-й аўтаголам засмуціў жодзінцаў Шчэрба. Такім чынам далей ідзе клуб пад кіраўніцтвам Віталя Паўлава. Заўважым, што яшчэ ніколі случакі не даходзілі да паўфінальнай стадыі Кубку Беларусі.

Апошнім афармляў выхад у паўфінал барысаўскі БАТЭ, які дужаўся з ФК „Мінск”. Матч прайшоў позна увечары і прынёс вікторыю чэмпіёнам краіны – 2:1 (у першым паядынку БАТЭ таксама выйграў – 1:0). На 40-й хвіліне першы мяч забіў Аляксей Рыас. На 60-й легіянер менчукоў Астоіч запаліў надзею для прыхільнікаў сталічнага клубу. Але ўжо на 67-й хвіліне Віталь Радзівонаў трапным стрэлам фактычна зняў усе пытанні.

БАТЭ, „Шахцёр”, „Слуцк” і берасцейскае „Дынама” працягнуць змаганне за трафей.

Беларускае Радыё Рацыя