Вызначыліся пераможцы чэмпіянату Беларусі па плаванні на кароткай вадзе



Сталі вядомыя пераможцы і прызёры чэмпіянату Беларусі па плаванні на кароткай вадзе, які завяршыўся ў Берасці. Найбольш паспяхова турнір, які стаў адборавым на чэмпіянаты Еўропы і свету на кароткай вадзе 2021, склаўся для Іллі Шымановіча, які ўсталяваў новы сусветны рэкорд на дыстанцыі 100 м брасам на кароткай вадзе. Двухразовы срэбраны прызёр чэмпіянатаў свету пераадолеў дыстанцыю за 55,34 секунды. Папярэдні рэкорд быў усталяваны брытанцам Адамам Піці ў лістападзе і быў роўны 55,41 секунды. Менчанін таксама вызначыўся на дыстанцыі 50 м брасам, усталяваўшы нацыянальнае дасягненне – 25,39 секунды. Скарыўся яму рэкорд краіны і на 200 м брасам, які з гэтага часу роўны 2 хвілінам 2,77 секунды. Акрамя таго, Ілля Шымановіч з таварышамі па камандзе Менска Віктарам Стасяловічам, Ягорам Додалевым і Віктарам Красачкам выйграў эстафету 4х50 м комплексам у мужчын. Яшчэ адно золата ў яго калекцыі ўзнагарод з’явілася пасля змяшанай эстафеты 4х50 м комплексным плаваннем, якую разам з Іллёй Шымановічам выйгралі  Віктар Стаселовіч з Настай Куляшовай і Настай Каракоўскай.

Адзначым і вынікі Анастасіі Шкурдай, якая двойчы перапісала свой нацыянальны рэкорд у стартах на 200 м на спіне, усталяваны ў 2017 годзе. У папярэднім заплыве яна паказала вынік 2 хвіліны 5,99 секунды. А ў фінале выйграла з вынікам 2 хвіліны 4,80 секунды. Берасцейка таксама выйграла залатыя медалі ў стартах на 100 м вольным стылем і 50 м на спіне.

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” саступілі „Уніксу” ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” пацярпелі сёмую паразу запар у матчах Адзінай лігі ВТБ. Гуляючы ў Казані з адным з фаварытаў турніру мясцовым „Уніксам”, падначаленыя Расціслава Вяргуна выдатна правялі першую чвэрць, выйграўшы яе з розніцай у 14 ачкоў. Затым казанскія баскетбалісты актывізаваліся, і да вялікага перапынку перавага менчан склала ўсяго чатыры балы. Пасля на пляцоўцы ішла роўная барацьба, але ў канцоўцы адбіўся клас гульцоў казанскай каманды, і ў выніку „Унікс” перамог з лікам 83:77. У складзе „цмокаў” самым выніковым стаў Андрэй Рагозенка, які набраў 16 ачкоў.

„Машэка” паўторна саступіў расейскай камандзе СГАУ-„Саратаў” і скончыў выступ у Кубку ЕГФ

„Машэка” ў другім матчы 1/16 фіналу Кубка ЕГФ прайграў расейскай камандзе СГАУ-„Саратаў” – 28:30. Самым выніковым у гульні стаў гандбаліст беларускай каманды Сяргей Міхальчук, які закінуў 11 мячоў. Абодва паядынкі адбыліся на пляцоўцы суперніка. „Машэка” не здолеў прабіцца ў наступную стадыю турніру. У першай сустрэчы магілёўцы таксама саступілі — 28:31. Гандбалісты запарожскага „Матора” святкавалі шостую перамогу запар на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У сваім дзявятым паядынку папярэдняй групы В чэмпіёны Украіны абыгралі на сваёй арэне французскі „Нант” з мінімальнай перавагай – 29:28. Лепшым снайперам у складзе пераможцаў стаў беларускі гандбаліст Вячаслаў Бохан, які закінуў 9 мячоў. Барыс Пухоўскі пяць разоў трапіў у брамку французскай каманды, у актыве Максіма Бабічава адзін гол.

Арнд Пайфер выйграў мас-старт на этапе Кубка свету па біятлоне

У аўстрыйскім Хохфільцэне завяршаецца чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне. Пераможцам мужчынскага мас-старту на 15 км стаў нямецкі біятланіст Арнд Пайфер, які прайшоў дыстанцыю за 35 хвілін 53,3 секунды пры ідэальнай стральбе на чатырох агнявых рубяжах. Усяго на 1,3 секунды адстаў ад лідара швед Марцін Понсілуома, які дапусціў адзін промах, трэцім фінішаваў нарвежац Тар’е Бё, які саступіў пераможцу 9,3 секунды пры адным промаху на стрэльбішчы. Беларускія біятланісты ў гэтай гонцы не ўдзельнічалі.

«Ягелонія» выйграла апошні матч у 2020 годзе

У апошнім матчы польскай экстракласы ў  2020 годзе беластоцкая «Ягелонія» перамагла „Гурнік” Забжэ з лікам 1:0. На 52-й хвіліне Хесус Імаз забіў свой 8-ы гол у сезоне.  Такім чынам «Яга» працягнула серыю хатніх перамог у чэмпіянаце да чатырох і пасля 14-ці тураў займае 7-й месца ў турнірнай табліцы, набраўшы 20 ачкоў і на 9 адстае ад лідара варшаўскай «Легіі».

 „Манчэстар Юнайтэд” разграміў „Лідс” ў матчы 14-га тура чэмпіянату Англіі – 6:2. „Лідс” упершыню ў гісторыі прапусціў чатыры мячы ў першым тайме матчу АПЛ. „МЮ” з 26 ачкамі падняўся на трэцяе месца ў турнірнай табліцы.  „Тотэнхэм” дома саступіў „Лестеру” — 0:2 – гол забіў Вардзі з пенальці, а Алдервейрэлд адзначыўся аўтаголам.  У турнірнай табліцы „Лестэр” узняўся на 2-е месца. Адставанне ад „Ліверпуля” складае 4 ачкі. „Тотэнхэм” — 4-ы і саступае „чырвоным” 6 ачкоў.”Інтэр” і „Мілан” святкавалі перамогі ў матчах 13-га тура чэмпіянату Італіі. «Інтэр» перамог «Спецыю» – 2:1, а «Мілан» з такім жа лікам на выездзе адолеў «Сасуола».

Беларускія самбісты выйгралі сем медалёў на этапе Кубка свету „Мемарыял Харлампіева”

Беларускія самбісты выйгралі сем медалёў на этапе Кубка свету „Мемарыял Харлампіева – 2020”, які завяршыўся ў Маскве. У спартовым раздзеле сярод жанчын беларускі занялі 3-е месца ў агульнакамандным заліку, прапусціўшы наперад дружыны Расеі і Румыніі. На іх рахунку – срэбраныя ўзнагароды Анастасіі Скварцовай у вазе 68 кг і Карыны Шут (у вазе 80 кг), а таксама бронза Анфісы Капаевай (у вазе 48 кг) і Анастасіі Грышчанкі (вага звыш 80 кг). У аналагічным раздзеле ў мужчын срэбра выйграў Максім Ліхавец, а бронзавы медаль на рахунку Цімафея Емяльянава (у вазе 90 кг). У стартах па баявым самба бронзавую ўзнагароду выйграў Уладзіслаў Міхейчык (у вазе 62 кг).

Кубак свету па самба „Мемарыял Харлампіева – 2020” сабраў у Маскве прадстаўнікоў 15 краін. З-за пандэміі COVID-19 спаборніцтвы прайшлі без гледачоў. Для заўзятараў была арганізавана анлайн-трансляцыя.

Нарвежскія гандбалісткі восьмы раз сталі чэмпіёнкамі Еўропы

Гандбалісткі зборнай Нарвегіі заваявалі залатыя медалі 14-га чэмпіянату Еўропы, які завяршыўся ў дацкім Хёрнінгу. У фінальным паядынку за чэмпіёнскі тытул нарвежкі перамаглі цяпер ужо экс-чэмпіёнак Старога Свету гандбалістак Францыі з лікам 22:20.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя