Вызначыліся супернікі беларускіх футбалістаў у кваліфікацыі юніёрскага ЧЕ
У штаб-кватэры УЕФА ў Ньёне прайшло лёсаванне кваліфікацыйнага этапа футбольнага чэмпіянату Еўропы 2023 года сярод юніёраў (U-19). Футбалісты беларускай зборнай трапілі ў 12-ю групу, дзе іх супернікамі будуць юніёры з Германіі, Славакіі і Арменіі. Дакладныя даты, а таксама месцы правядзення спаборніцтваў будуць вызначаны пазней. У элітны этап кваліфікацыі кантынентальнага першынства выйдуць па дзве найлепшыя каманды з кожнай групы, а таксама найлепшая зборная, з тых, што занялі трэція месцы.
Георгій Кандрацьеў захаваў пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі
Георгій Кандрацьеў працягне трэніраваць зборную Беларусі. Пра гэта стала вядома 9 снежня пасля паседжання Выканаўчага камітэта Асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У заключнай частцы паседжання ўдзельнікам быў прадстаўлены даклад галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай. Выканкам прыняў выступленне Георгія Пятровіча да ведама. Спецыяліст працягне працу з галоўнай камандай краіны ў рамках дзейнага кантракту, разлічанага да канца 2022 года, — піша bff.by.
Ягор Шаранговіч дапамог „Нью-Джэрсі” абгуляць „Філадэльфію”
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” дома перамог „Філадэльфію” з лікам 3:0. Беларускі форвард Ягор Шаранговіч аддаў галявы пас. Хакеіст правёў на лёдзе 16 хвілін 50 секунд, адзін раз кінуў па брамцы, здзейсніў адзін сілавы прыём і зарабіў „+1”. На рахунку 23-гадовага нападніка стала 8 (3+5) балаў у 21 матчы НХЛ.
НХЛ створыць турнір у Паўночнай Амерыцы з усімі гульцамі, калі яны не паедуць на АІ
Вядомы інсайдар Эліёт Фрыдман паведаміў аб тым, што НХЛ сумесна з Асацыяцыяй гульцоў НХЛ створыць чэмпіянат свету або алімпійскі турнір з усімі гульцамі, калі яны не паедуць на алімпійскія гульні ў Пекін. НХЛ можа забараніць гульцам паездку на Алімпіяду, калі пагоршыцца сітуацыя з пандэміяй каронавіруса.
Мюлер забіў 50-ы мяч у Лізе чэмпіёнаў
Атакуючы паўабаронца „Баварыі” Томас Мюлер забіў у матчы з „Барселонай” (3:0) у 6-м туры групавога этапу. 32-гадовы немец забіў 50-ы гол у турніры. Ён стаў 8-м гульцом, які пераадолеў гэтую адзнаку, і дзеліць сёмае месца з Цьеры Анры ў спісе бамбардзіраў. Лідыруе Крышціяну Раналду, які за кар’еру забіў 140 мячоў у Лізе чэмпіёнаў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя