Вызначыліся ўсе пары 1/8 фіналу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў



Пасля заключных паядынкаў групавога этапа вызначыліся ўсе ўдзельнікі плэй-оф гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. У папярэдняй групе А апошнім удзельнікам 1/8 фіналу стала польская „Вісла” з Плоцка, якая адолела ў заключным выязным паядынку аўтсайдэра турніру партугальскі „Порту” – 28:27. Венгерскі „Веспрэм”, за які выступае беларус Мікіта Вайлупаў, не змог напрамую выйсці ў чвэрцьфінальную стадыю, прапусціўшы туды французскі „Пары Сэн-Жэрмэн” і нямецкі „Магдэбург”.
У апошнім матчы групы А яе лідар іспанская „Барселона” перайграла ў гасцях польскі „Кельце” з лікам 32:31. Беларускі легіянер польскага клуба Арцём Каралёк двойчы закінуў „Барсе”, зараз у яго актыве 45 закінутых мячоў у гэтым сезоне Лігі чэмпіёнаў. Гандбалісты „Барселоны” ў 14 праведзеных матчах святкавалі 13 вікторый і аднойчы згулялі ўнічыю, разам з „Кельце” яны выйшлі ў чвэрцьфінал. „Фінал чатырох” чэмпіёнскай Лігі адбудзецца 17-18 чэрвеня ў нямецкім Кёльне. У вырашальным паядынку мінулага сезона „Барселона” перамагла „Кельце” ў серыі пасляматчавых пенальці, выйграўшы галоўны турнір Старога Свету 11-ы раз.

„Мінск” у гасцях разграміў „Гомельскіх рысяў” з розніцай у „+60”

У чарговым матчы жаночага чэмпіянату Беларусі „Мінск” у гасцях разграміў „Гомельскіх рысяў” з розніцай у „+60”. Лік сустрэчы 38:98. „Мінск” набраў 39 ачкоў і лідыруе у турнірнай табліцы. У «Гарызонта» 38 ачкоў і другая пазіцыя, але ёсць гульня ў запасе, гарадзенская «Алімпія» пасля 19 матчаў мае 36 ачкоў і на трэцім месцы.

Яўген Сакута пакінуў „Нёман”

Паўабаронца Яўген Сакута пакінуў „Нёман”. „Кантракт паміж клубам і гульцом скасаваны па дамове бакоў. У сезоне 2022 паўабаронца выходзіў на поле 12 разоў. Выніковымі дзеяннямі не вызначыўся. Паводле нашай інфармацыі, паўабаронца працягне кар’еру ў клубе першай лігі”, — гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала „Заўзеем за ФК” Нёман”.

„Аль-Ітыхад” прапанаваў Месі кантракт на 94 мільёны даляраў за сезон

Саудаўскі „Аль-Ітыхад” прапануе нападніку „Пары Сен-Жэрмен” Ліянелю Месі буйны кантракт. Клуб з Саудаўскай Аравіі звязаўся з найбліжэйшым асяроддзем 35-гадовага аргенцінца і прапанаваў кантракт на 94 мільёны даляраў за кожны праведзены ў камандзе сезон. Раней паведамлялася, што Месі пакуль хоча працягнуць кар’еру ў Еўропе і не стане разглядаць прапановы з MLC і Саудаўскай Аравіі.
У гэтым сезоне форвард правёў 28 матчаў за „Пары Сен-Жэрмен” ва ўсіх турнірах, забіў 17 галоў і аддаў 16 выніковых перадач. Яго дамова з парыжскім клубам разлічана да канца сезона.

Беларускае Радыё Рацыя