Вызначыліся ўсе паўфіналісты Лігі чэмпіёнаў



Позна ўвечары, нават фактычна ў ноч з 17 на 18 красавіка, вызначыліся яшчэ два паўфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Імі сталі брытанскія „Ліверпуль” і „Тотэнхэм”.

„Ліверпуль”, які ў першым паядынку ўпэўнена перамог партугальскі „Порту” 2:0, у гасцях гуляў у сваё задавальненне і не пакінуў гаспадарам поля нават ілюзорных шанцаў. Каманда Юргена Клопа гуляла на публіку і пераканаўча перамагла другі раз – 4:1.

А вось у спаборы брытанскай пары „Манчэстэр сіці” – „Тотэнхэм хотспур” напруга трымалася да апошніх секунд. У першым матчы 1:0 перамаглі лонданцы, але пры тым з-за траўмы страцілі свайго лідара і лепшага бамбардыра Хары Кейна. У яго адсутнасць на вастрыё высунуўся карэец Хын Мін Сон. У двух спатканнях ён забіў тры мячы. 

Сустрэча выдалася неверагодна феерычнай і драматычнай. Ужо на 11-й хвіліне лік быў 2:2. Пасля першага тайму 3:2 на карысць манчэстэрцаў, у якіх дубль аформіў Рахім Стэрлінг. У другой палове каманда Пепа Гвардыёлы забіла 4-ы мяч, але „Тотэнхэм” усё ж скараціў розніцу ў ліку да патрэбнай. На апошняй хвіліне Стэрлінг забіў яшчэ раз, але сістэма VAR вызначыла парушэнне правіл і гол анулявалі. У выніку 4:3 перамог „Манчэстэр сіці”, але агульны поспех святкавалі лонданцы.

У паўфіналах сустрэнуцца „Барселона” – „Ліверпуль” і „Тотэнхэм”-„Аякс”.