Вызначыліся ўсе ўдзельнікі чэмпіянату свету па футболе
Вызначыліся ўсе 32 ўдзельнікі чэмпіянату свету па футболе, які пройдзе ў Расеі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня 2018 года на 12 стадыёнах 11 гарадоў.
Апошнія пуцёўкі ў міжкантынентальных стыках здабылі дружыны Аўстраліі і Перу.
Аўстралія не пакінула шанцаў камандзе Гандураса, перамогшы яе ў адказным паядынку з лікам 3:1. Усе тры мячы (два з пенальці) за „соккеруз” забіў Майл Едынак, футбаліст харвацкага паходжання.
Зборная Перу на сваім полі перамагла Новую Зеляндыю з лікам 2:0 і таксама кваліфікавалася на мундыяль.
Такім чынам прадстаўніцтва кантынентаў на футбольным чэмпіянаце будзе такім:
Еўропа: Бельгія, Англія, Германія, Польшча, Іспанія, Ісляндыя, Сербія, Францыя, Партугалія, Харватыя, Швайцарыя, Швецыя, Данія.
Расея як гаспадар першынства.
Паўднёвая Амерыка: Бразілія, Уругвай, Аргентына, Калумбія, Перу.
Азія: Японія, Паўднёвая Карэя, Іран, Савудаўская Арабія.
Афрыка: Нігерыя, Егіпет, Марока, Туніс, Сенегал.
Паўночная Амерыка: Мексіка, Коста-Рыка, Панама.
А таксама каманда Аўстраліі.
На першынства свету ў Расеі не выйшлі чэмпіёны Паўднёвай Амерыкі (Чылі), Афрыкі (Камерун) і Паўночна-Цэнтральнай Амерыкі (ЗША), а таксама дружыны Італіі і Нідэрляндаў.
Беларускае Радыё Рацыя