WKF адхіліла расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў



Сусветная федэрацыя каратэ (WKF) аб’явіла на сайце аб часовым адхіленні расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад удзелу ў спаборніцтвах пад эгідай WKF. Гэтае рашэнне было прынята ў мэтах захавання сумленнасці спаборніцтваў і гарантавання бяспекі ўсіх удзельнікаў.

Раней выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) рэкамендаваў міжнародным спартыўным федэрацыям забараніць удзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах з-за вайны ва Украіне.

Ігар Мартынаў і Арцём Дзямкоў камандзіраваны ў салігорскі „Шахцёр”

Форварды менскага „Дынама” Ігар Мартынаў і Арцём Дзямкоў адкамандзіраваны ў салігорскі „Шахцёр”. Мартынаў большую частку сезона прапусціў з-за траўмы. Сумарна ў „рэгулярцы” і плей-оф КХЛ згуляў за „Дынама” ў пяці матчах, закінуў адну шайбу. Што да Дзямкова, то з ім кіраўніцтва „зуброў” скасавала дзеючы аднабаковы кантракт у мэтах атрымання хакеістам гульнявой практыкі. У гэтым сезоне Арцём сумарна правёў у КХЛ 35 матчаў, у якіх набраў 13 (6+7) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+3”.

Новак Джокавіч не змог патрапіць у ЗША і абвясціў аб зняцці з турніраў у Індыян-Уэлсе і Маямі

Другая ракетка свету серб Новак Джокавіч паведаміў, што зняўся з турніраў АТП у Індыян-Уэлсе і Маямі, паколькі не змог атрымаць дазвол на ўезд у ЗША.

„Нягледзячы на ​​тое, што мяне аўтаматычна ўключылі ў спісы ўдзельнікаў турніраў у Індыян-Уэлсе і Маямі, я ведаў, што маё трапленне ў ЗША малаверагодна. Цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША пацвердзіў, што правілы не змяніліся, таму я не змагу выступаць у ЗША. Удачы тым, хто будзе ўдзельнічаць у гэтых цудоўных турнірах”, — напісаў Джокавіч у сябе ў Twitter.

Заканадаўства ЗША забараняе ўезд на тэрыторыю краіны не прышчэпленым ад каронавіруса людзям. Джокавіч, які катэгарычна адмаўляецца ад прышчэпкі, ужо прапусціў па гэтай прычыне некалькі турніраў, у тым ліку „Australian Open”.

Уладзімір Ігнацік прайграў 531-й ракетцы свету на турніры ў Анталіі

У Анталлі (Турцыя) праходзіць мужчынскі тэнісны турнір катэгорыі ITF, дзе беларус Уладзімір Ігнацік (N401) дабраўся да 1/8 фіналу, дзе прайграў у двух сэтах Феліксу Гілу з Вялікабрытаніі, які займае ў рэйтынгу АТП 531-ы радок – 5:7, 1:6.

Ніклас Бэкстрэм стаў другім гульцом у гісторыі „Вашынгтона”, якому ўдалося набраць 1000 ачкоў у НХЛ

Нападнік „Вашынгтона” Ніклас Бэкстрэм закінуў шайбу і аддаў галявы пас у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ супраць „Эдмантана”. Цяпер на рахунку 34-гадовага шведа 1000 (263+737) ачкоў у 1037 матчах у лізе. Бэкстрэм стаў другім хакеістам у гісторыі „Вашынгтона”, якому ўдалося набраць 1000 ачкоў у гульнях за каманду. Першым стаў расеец Аляксандр Авечкін, у якога 1390 (766+624) ачкоў у 1253 матчах.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wiktionary.org