„Ягелонія” выйшла ў наступны раўнд Лігі Еўропы



Паўабаронца “Ягелоніі” украінскага паходжання Тарас Раманчук стаў сапраўдным героем у паядынку ў адказ з партугальскім “Рыу Авэ”. Першы паядынак у Польшчы завяршыўся мінімальнай перамогай гаспадароў – 1:0. А вось гульня ў Партугаліі апынулася багатай на галы. „Рыу Авэ” двойчы цягам матчу вёў у ліку, але ў выніку ўсё завяршылася хэпі-эндам для палякаў – 4:4. Два мячы ў складзе гасцей на свой рахунак запісаў Раманчук.  Яшчэ па голе дадалі Шэрыдан і Паспішыл. У наступным раўндзе каманду Ірэніўша Мамрота чакае бельгійскі “Гент”. Матчы 3-га кваліфікацыйнага круга пройдуць 9 і 16 жніўня.

Раней у наступную стадыю выйшлі два беларускія клубы – менскае „Дынама” сустрэнецца далей з пецярбургскім „Зенітам”, а берасцейскае „Дынама” пазмагаецца з кіпрскім „Апалонам”.

А вось яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі – салігорскі „Шахцёр” прайграў познаньскаму „Леху”. 

„Шахцёр” у Познані прапусціў мяч ад „Леха” на 15-й хвіліне гульні. У другім тайме Дзяніс Лапцеў аднавіў раўнавагу, і асноўны час завяршыўся ўнічыю 1:1, гэтак жа, як і ў першай гульні ў Салігорску. Ледзь пачаўся дадатковы час, як Крысціян Гютк’ер забіў другі мяч у браму Андрэя Клімовіча, а за дзве хвіліны да фінальнага свістка ён аформіў хет-трык – 3:1. У барацьбе за выхад у плэй-оф „Лех” двойчы сустрэнецца з бельгійскім клубам „Генк”.

Беларускае Радыё Рацыя