Ягор Герасімаў адолеў Джона Ізнера на турніры ў Кітаі



Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў перамог амерыканца Джона Ізнера ў матчы другога раўнду турніру ў Кітаі – 6:7, 7:6, 7:6. Наступным супернікам Герасімава стане прадстаўнік Канады Дзяніс Шапавалаў (34 АТП).

Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру ў Кітаі, перайграўшы прадстаўніцу Казахстана Алену Рыбакіну, – 6:3, 1:6, 6:1. Наступнай суперніцай Сабаленка стане першая ракетка свету аўстралійка Эшлі Барці. Сустрэча пройдзе 27 верасня.

Беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі і партугалец Гансалу Алівейра сталі паўфіналістамі парнага разраду турніру ў кітайскім Чжухае. У чвэрцьфінале яны ва ўпартай барацьбе перайгралі брытанска-японскі тандэм Люк Бэмбрыдж / Бэн Маклахлан – 6:7 (7:9), 6:3, 10:8.

 

Арамнаў выйграў срэбра на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы

Беларускі алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў, які выступае ў вагавой катэгорыі 109 кг, заняў другое месца на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы ў Патайе. Арамнаў у двуборстве паказаў вынік 426 кг. Золата выйграў армянін Сымон Марцірасян, бронзу заваяваў кітайскі цяжкаатлет Жэ Ян.

 

Даніла Карабанаў стане гульцом «Куньлуня»

Беларускі форвард Даніла Карабанаў працягне кар’еру ў кітайскім «Куньлуні». Пра гэта паведамляе hockey.by. Мінулы сезон Карабанаў правёў у «Звяздзе» з ВХЛ. У 42 матчах форвард набраў 12 (6+6) ачкоў пры 48 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці «+4». У бягучым сезоне «Куньлунь» набраў сем ачкоў у дзесяці матчах і займае 10-е месца ва Усходняй канферэнцыі КХЛ.

 

Матчы баскетбольнага чэмпіянату Беларусі можна ўбачыць у інтэрнэце

Беларуская федэрацыя баскетбола ўпершыню арганізоўвае маштабныя інтэрнэт-трансляцыі матчаў нацыянальнага чэмпіянату. Пачынаючы з гэтага сезону, трансляцыі самых цікавых матчаў мужчынскага і жаночага чэмпіянатаў Беларусі, а таксама міжнародныя турніры з удзелам нацыянальных каманд, якія праводзяцца ў краіне, будуць даступныя для прагляду на сайтах Беларускай федэрацыі баскетбола, sport-tv.by, а таксама на канале лічбавага тэлебачання VOKA ТБ.

 

«Тотэнхэм» ацаніў Хары Кейна ў 250 мільёнаў фунтаў

«Тотэнхэм» пры любым выступе каманды ў гэтым сезоне мае намер захаваць форварда Хары Кейна. Па дадзеных The Telegraph, клуб хоча ўтрымаць гульца пры любых умовах. «Тотэнхэм» гатовы яго прадаць толькі за 250 мільёнаў фунтаў. Прадстаўнікі кіраўніцтва разлічваюць, што такая сума адпудзіць усіх патэнцыйных пакупнікоў. 26-гадовы футбаліст у бягучым сезоне правёў сем матчаў за каманду і забіў пяць мячоў пры адной галявой перадачы. Яго кантракт закончыцца летам 2024 года.

Беларускае Радыё Рацыя