Ягор Герасімаў прабіўся ў 1/4 фіналу турніру ў Нур-Султане



Ягор Герасімаў (83 АТП) прабіўся ў 1/4 фіналу турніру ў Нур-Султане. У матчы 1/8 фіналу беларус перайграў чэха Іржы Веселы (66 АТП) з лікам 4:6, 6:3, 6:4. У чвэрцьфінале Герасімаў сустрэнецца з амерыканцам Фрэнсісам Ціафа (64 АТП).

Алеся Мігдалева аднавіла кар’еру і стала гульцом польскай „Кароны”

Шасціразовая чэмпіёнка Польшчы беларуска Алеся Мігдалева далучылася да „Кароны” з Брашува. Паўсярэдняя з васемнаццацiгадовага ўзросту выступала ў Польшчы за такія клубы, як „Эльблонг” і „Люблін”, з якім яна і выйграла мноства тытулаў, у тым ліку і Кубак выкліку ў 2018 годзе, пасля чаго аб’яўляла аб завяршэнні кар’еры. Цяпер Алеся Мігдалева вярнулася.

Берасцейскі гандбаліст Валянцін Куран заключыў кантракт да канца сезона з „Данскімі казакамі”. Пасля васьмі матчаў каманда з Таганрога размяшчаецца на шостым месцы ў табліцы чэмпіянату Расеі. Там выступаюць яшчэ тры беларусы. Гэта Максім Нясвадзьба, Дзмітрый Чыстабаеў і Дзяніс Янкоўскі, адзначае телеграм-канал берасцейскага клуба.

„Нёман” афіцыйна заявіў аб расставанні з Сяргеем Пушковым

Хакейны клуб „Нёман” расстаецца з галоўным трэнерам Сяргеем Пушковым. За 4 гады на пасадзе галоўнага трэнера Сяргей Пушкоў прывёў каманду да двух чэмпіёнстваў, аднаму срэбру і бронзе. Цяперашні сезон каманда пачала няўдала. Менавіта гэта паслужыла штуршком да ўзаемнага рашэння бакоў аб скасаванні працоўнай дамовы паміж клубам і галоўным трэнерам, – гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце клуба.

Новым трэнерам гарадзенцаў стаў экс-настаўнік менскага „Дынама” і зборнай Беларусі Андрэй Сідарэнка.

Прэм’ер-міністр Латвіі: сумняваюся, што гульцы захочуць ехаць у Менск на ЧС-2021

Прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш лічыць, што хакеісты не захочуць ехаць у Менск на чэмпіянат свету-2021. Турнір павінен прайсці з 21 траўня па 6 чэрвеня ў Менску і Рызе, аднак Карыньш звярнуўся да ІІХФ з заявай аб тым, што ў такой палітычнай сітуацыі ў Беларусі, Латвія не можа праводзіць турнір сумесна. Паводле яго слоў, Латвія гатова правесці запланаваныя раней матчы чэмпіянату свету ў Рызе, калі гэта дазволяць эпідэміялагічныя ўмовы. Ён выказаў заклапочанасць тым, як беларускія праваахоўныя органы будуць падтрымліваць парадак падчас матчаў чэмпіянату, калі яны ўжываюць гвалт супраць сваіх грамадзян падчас мірных акцый.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя