Ягор Герасімаў прабіўся ў 1/8 фіналу турніру ў Аптосе



Беларус Ягор Герасімаў (146-ы нумар рэйтынгу АТП) прабіўся ў 1/8 фіналу турніру ў Аптосе (ЗША). У матчы 1/16 фіналу наш суайчыннік перамог прадстаўніка Аўстраліі Танасе Какінакіса (171 АТП) – 7:6 (7:2), 6:4. У 1/8 фіналу Герасімаў згуляе з эквадорцам Эміліо Гомезам.

Ілля Івашка (125-ы нумар рэйтынгу АТП) выбыў у 1/16 фіналу турніру ў канадскім Манрэалі. Беларус прайграў французу Гаэлю Манфісу (20 АТП) з лікам 3:6, 6:7 (6:8).

Амерыканскі абаронца Дамінез Барнет папоўніў шэрагі „Цмокі-Мінск”

Амерыканскі абаронца Дамінез Барнет папоўніў шэрагі баскетбольнага клуба „Цмокі-Мінск”. Новаспечаны „цмок” апошні сезон правёў у італьянскім „Дэ Лонг Трэвіза” (дывізіён 2). У гэтай камандзе ён адыграў 43 матчы, набіраючы ў сярэднім за гульню 13,2 ачкі.

Аляксандр Глеб працягне кар’еру ў „Іслачы”

Знакаміты беларускі гулец Аляксандр Глеб працягне кар’еру ў футбольным клубе «Іслач». Старт цяперашняга чэмпіянату 38-гадовы Глеб правёў у БАТЭ, прыняўшы ўдзел у адным паядынку за „жоўта-сініх”. У пачатку чэрвеня хаўбек растаўся з барысаўскай камандай. Глеб ужо правёў некалькі трэніровак з „Іслаччу”. Пасля 16-ці тураў новая каманда Глеба з 29-ю ачкамі займае 4-е месца ў турнірнай табліцы.

Чэмпіянат Еўропы па муай-тай пройдзе ў Менску з 4 па 11 лістапада

Чэмпіянат Еўропы па муай-тай пройдзе ў менскім Палацы спорту з 4 па 11 лістапада. Адпаведны дагавор быў падпісаны старшынёй Беларускай федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса Юрыем Караевым і віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай федэрацыі муай-тай Анатолем Сімончыкам. Плануецца, што ўдзел у кантынентальным форуме прымуць атлеты з 35 краін.

Барысаўскі БАТЭ і салігорскі „Шахцёр” правядуць першыя матчы 3-га круга кваліфікацыі Лігі Еўропы

Два беларускія клубы правядуць 8 жніўня першыя матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі Еўропы. Барысаўскі БАТЭ ў Зеніцы сустрэнецца з чэмпіёнамі Босніі і Герцагавіны футбалістамі „Сараева”. Гульня пачнецца ў 20.45 па беларускім часе. Салігорскі „Шахцёр” свой стартавы паядынак 3-га круга кваліфікацыі ЛЕ супраць італьянскага „Тарына” пачне ў 22.00 на поле турынскага „Стадзіа Алімпіка”. Матч будзе судзіць брыгада польскіх арбітраў, якую ўзначаліць Даніэль Стефанскі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя