Ягор Герасімаў прабіўся ў паўфінал турніру ў Манпелье
83-і нумар сусветнага рэйтынгу беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў выйшаў у паўфінал турніру ў французскім Манпелье.
У чвэрцьфінале адзіночнага разраду ён абыграў іспанскага тэнісіста Алехандра Давідовіча-Фокіну – 4:6, 6:4, 7:5. У паўфінале беларус сустрэнецца з бельгійцам Давідам Гафэнам. Таксама беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Ёнатан Эрліх прабіліся ў фінал парнага разраду, перамогшы ў паўфінале амерыканскі дуэт Натаніэль Ламонс / Джэксан Уітроў – 7:6 (10: 8), 6:4. У вырашальным матчы яны згуляюць з фінска-французскім тандэмам Хенры Канціні / Эдуарам Ражэ-Васленам.
Вікторыя Азаранка і яшчэ пяць экс-першых ракетак свету заявіліся на турнір у Штутгарце
Стала вядома папярэдняя заяўка на красавіцкі турнір ВТА 500 у Штутгарце. У яе ўвайшла ўся актуальная топ-3 ВТА: Эшлі Барці, Наомі Осака і Сымона Халеп, – а таксама тэнісісткі топ-10 і былыя чэмпіёнкі Караліна Плішкава і Петра Квітава ды экс-першыя ракеткі свету Вікторыя Азаранка, Анжаліка Кербер і Гарбін Мугуруса. Апошні Porsche Tennis Grand Prix, які прайшоў у 2019 годзе, выйграла Петра Квітава.
У чэмпіянаце Беларусі па хакеі прайшлі пераходныя матчы
„Брэст” перайграў „Лакаматыў” 4:2, гарадзенскі „Нёман” у абласным дэрбі з такім жа лікам адолеў «Ліду», а „Хімік” – „Магілёў”, жлобінскі „Металург” у гасцях быў мацней за «Віцебск» 3:1 у першых матчах пераходнага турніру чэмпіянату Беларусі. Паядынкі ў адказ пройдуць 28 лютага. Пераможцы двухматчавага супрацьстаяння выйдуць у плэй-оф, а таксама атрымаюць пуцёўкі ў экстралігу „А”. Каманды, якія прайграюць у серыі, згуляюць у будучым сезоне ў экстралізе „Б”.
„Філадэльфія” адправіла Максіма Сушко ў АХЛ
„Філадэльфія” адправіла беларускага нападніка Максіма Сушко ў фарм-клуб у АХЛ. Форвард працягне сезон у „Ліхай Вэлі”, паведамляе прэс-служба клуба. Сушко дэбютаваў у НХЛ і правёў у складзе „Флаерз» два матчы, з „Рэйнджэрс” і „Бостанам”, у якіх не набраў ачкоў пры паказчыку карыснасці „-1”.
Стаў вядомы склад зборнай Беларусі на ЧЕ па лёгкай атлетыцы ў памяшканні
Стала вядома, хто прадставіць Беларусь на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў памяшканні, які з 4 па 7 сакавіка пройдзе ў польскім Торуні. У стартах мужчын за медалі паспрачаюцца: Віталь Парахонько (дыстанцыя 60 м з бар’ерамі), Юрый Забалотны, Дзяніс Блізнюк, Максім Богдан (усе – 60 метраў), Дзмітрый Карпук (штурханне ядра), Максім Недасекаў (скачкі ў вышыню), Уладзіслаў Булахаў (скачкі у даўжыню), Максім Несцярэнка (трайны скачок), Максім Андралойць (сямібор’е).
У спаборніцтвах жанчын стаўка трэнерскага штаба каманды зробленая на наступных спартовак: Эльвіра Герман, Святлана Парахонько, Руслана Рашкаван (усе – 60 метраў з бар’ерамі), Крысціна Ціманоўская (60 м), Ганна Міхайлава, Крысціна Мулярчык (абедзве – 400 м), Дар’я Барысевіч (1500 м), Алёна Дубіцкая (штурханне ядра), Карына Дземідзік (скачкі ў вышыню), Ірына Жук (скачкі з шастом), Віялета Скварцова, Ірына Васькоўская (абедзве – трайны скачок), Анастасія Мірончык-Іванова (скачкі ў даўжыню). На мінулым аналагічным форуме, які праходзіў у Глазга ў 2019 годзе, беларускія лёгкаатлеты заваявалі адно срэбра і адну бронзу.
Данецкі „Шахцёр” згуляе з „Ромай” у 1/8 фіналу футбольнай Лігі Еўропы
У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне 1/8 фіналу Лігі Еўропы. Чэмпіёны Украіны футбалісты данецкага „Шахцёра” паспрачаюцца за выхад у чвэрцьфінал з італьянскай «Ромай”. Яшчэ адзін украінскі клуб кіеўскае „Дынама” двойчы сустрэнецца з іспанскім „Вільярэалам”. Цікавай выглядае пара „Манчэстар Юнайтэд” – „Мілан”. Заграбскае „Дынама” пазмагаецца з „Тотэнхэмам”, яшчэ адзін лонданскі клуб „Арсенал” згуляе з „Алімпіякасам”, іспанская „Гранада” трапіла на нарвежскі „Мольдэ”, амстэрдамскі „Аякс” згуляе са швейцарскім „Янг Бойз”, а пражская „Славія” з шатландскім „Глазга Рэйнджэрс”. Першыя паядынкі за выхад у чвэрцьфінал Лігі Еўропы адбудуцца 11 сакавіка, у адказ – 18 сакавіка.
Галкіпер „Порту” Альфрэда Кінта памёр ва ўзросце 32 гадоў
Галкіпер гандбольнага клуба „Порту” Альфрэда Кінта памёр ва ўзросце 32 гадоў. Брамнік быў уведзены ў штучную кому пасля спынення сэрца на трэніроўцы перад гульнёй з „Мяшкоў Брэст” „Разам з усёй гандбольнай сям’ёй смуткуем з-за смерці Альфрэда Кінта і выказваем глыбокія спачуванні яго родным і блізкім, а таксама ўсяму калектыву „Порту”… Спачывай з мірам, нумар адзін!” – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы „Мяшкоў Брэст”.
Беларускае Радыё Рацыя