Ягор Герасімаў прайграў у 1/8 фіналу турніру АТР-250 у Астане



Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў не змог прабіцца ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі ATP-250 у Астане з прызавым фондам 1 мільён даляраў.

У паядынку другога раунда беларус, які займае 661-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў чэшскаму тэнісісту Іржы Лехечцы, у якога 29-я пазіцыя, – 2:6, 6:7 (3:7).

Сталічным дэрбі адкрыецца 23-і тур футбольнага чэмпіянату Беларусі

Сталічныя клубы адкрыюць сёння 23-і тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. Паядынак паміж футбалістамі „Мінска” і „Энергетыка-БДУ” пачнецца ў 18.00 на полі стадыёна ў Гарадзеі. У першым крузе цяперашняга першынства сустрэча гэтых супернікаў завяршылася мінімальнай вікторыяй „энергетыкаў” 1:0. ФК „Мінск” не можа выйграць на працягу трох тураў запар, на мінулым тыдні падначаленыя Сяргея Яромкі на выездзе пацярпелі паразу ад „Гомеля” – 0:2, а „Энергетык-БДУ” прапускаў 22-і тур.

Ягор Багамольскі трапіў у сферу інтарэсаў БАТЭ

„Нафтчы”, за які выступае беларускі форвард, гатовы разгледзець варыянты арэнды. Па звестках крыніцы, Багамольскім цікавяцца яшчэ некалькі беларускіх клубаў. У гэтым сезоне беларус правёў шэсць матчаў за „Нафтчы”. Кантракт Ягора з клубам разлічаны да лета 2025 года.

„Барселону” могуць адхіліць ад футбола з-за справы Негрэйры. У такім выпадку клуб збанкрутуецца

Кіраўнік Следчага суда Барселоны Хаакін Агіры палічыў выплату 7 мільёнаў 700 тысяч еўра ад „Барселоны” былому віцэ-прэзідэнту тэхнічнага камітэта суддзяў Каралеўскай федэрацыі футбола ў перыяд з 2001-га па 2018-ы злачынствам.

„Барселона” абвінавачваецца ў хабарніцтве. Таксама ў хабарніцтве абвінавачаныя сам Хасэ Марыя Энрыкес Негрэйра, яго сын, а таксама былыя прэзідэнты каталонскага клуба Жазэп Бартамеў і Сандра Росель. Рашэнне па справе будзе прымаць калегія з дзевяці прысяжных. Калі віна Негрэйры, яго сына, а таксама Бартамеу і Роселя будзе даказаная, яны могуць атрымаць да шасці гадоў турмы. „Барселону” ў такім выпадку могуць адхіліць ад любой футбольнай дзейнасці. Клуб са 124-гадовай гісторыяй, верагодна, стане банкрутам.

У матчы другой мексіканскай лігі сабака выбег на поле і скраў мяч. Яго падпісалі ў каманду

Пацешны эпізод адбыўся ў канцоўцы гульні паміж „Алебрыхесам” і „Дарадасам”, які завяршыўся перамогай гаспадароў 4:0. Ужо ў даданы час на полі з’явіўся сабака. Ён падхапіў мяч, які выпусціў суддзя, і паспрабаваў з ім уцячы. Сцюарды дагналі сабаку з вялікімі цяжкасцямі. Праз некаторы час „Алебрыхес” у сацсетках распавёў, што падпісаў сабаку ў каманду. Сабака прайшоў усе неабходныя тэсты і зараз будзе прыносіць клубу поспех.

Беларускае Радыё Рацыя