Ягор Герасімаў выйшаў у 1/8 фіналу тэніснага Кубка Крамля



Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў дамогся перамогі ў першым раўндзе асноўнай сеткі стартаў Кубка Крамля, узяўшы верх над італьянцам Томасам Фабіана – 6:3, 6:4. У наступным крузе супернікам Ягора Герасімава будзе расеец Андрэй Рублёў – 43-я ракетка свету.

Беларус Андрэй Васілеўскі і ўкраінец Дзяніс Малчанаў выбылі ў 1/8 фіналу парнага разраду турніру ў Антвэрпэне. Інтэрнацыянальны дуэт саступіў пары Раджыў Рам (ЗША) / Джо Солсберы (Вялікабрытанія) – 5:7, 4:6.

Уладзімір Ігнацік (326-ы нумар рэйтынгу АТП) выбыў у 1/16 фіналу турніру ў Германіі. Беларус прайграў амерыканцу Максіму Крэсі (214 АТП) – 3:6, 6:3, 3:6.

Дзмітрый Буйніцкі заробіць каля паўтара мільёна даляраў за тры гады ў „Магнітцы”

Беларускі нападнік „Металурга” з Магнітагорска Дзмітрый Буйніцкі заробіць за тры гады па кантракце, падпісаным мінулым летам, каля паўтара мільёна долараў, інфармуе rbc.ru. Выданне адзначае, што Буйніцкі за кар’еру ў КХЛ закінуў усяго 13 шайбаў у 106 гульнях… Да таго ж у предсезонку Буйніцкі атрымаў сур’ёзную траўму і да гэтага часу яшчэ не дэбютаваў за „Магнітку”.

Аляксей Протас названы альтэрнатыўным капітанам „Прынс-Альберт”

Чэмпіён WHL „Прынс-Альберт” абвясціў капітана і альтэрнатыўных капітанаў на сезон-2019/20. Выводзіць каманду на лёд з літарай „С” на грудзях будзе абаронца Зак Хэйес, які стаў 43-м капітанам ў гісторыі франшызы. А нашыўкі з літарай „А” атрымалі трое – Джэрэмі Масал, Брейдан Ўотс і беларускі нападнік Аляксей Протас, – паведамляе hockey.by. З 14 (6 + 8) баламі ў 9 матчах Аляксей Протас займае другое месца ў спісе лепшых бамбардзіраў чэмпіянату WHL.

Баксёр Мікалай Вясёлаў 19 кастрычніка будзе абараняць чэмпіёнскі пояс WBA Continental

Беларускі баксёр Мікалай Вясёлаў 19 кастрычніка будзе абараняць чэмпіёнскі пояс Сусветнай баксёрскай асацыяцыі – WBA Continental. Паядынак пройдзе ў Бельгіі ў сярэдняй вагавой катэгорыі (72,5 кг). Беларусу будзе супрацьстаяць атлет з Даніі Абдул Хатаб. Мікалай Вясёлаў заваяваў чэмпіёнскі пояс Сусветнай баксёрскай асацыяцыі ў красавіку мінулага года. На турніры ў Таліне ён адолеў эстонскага атлета Паўла Сямёнава аднагалосным рашэннем суддзяў.

Сцяпан Фалькоўскі – найлепшы гулец тыдня ў ECHL

Беларускі абаронца „Ален Амерыканс” Сцяпан Фалькоўскі прызнаны найлепшым гульцом тыдня ў ECHL. На старце сезона яго каманда выйграла абодва матчы і займае трэцяе месца ў Заходняй канферэнцыі ECHL. Фалькоўскі ў гэтых двух гульнях набраў 4 (1+3) балы і з’яўляецца найлепшым бамбардзірам сярод усіх абаронцаў лігі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя