Ягор Герасімаў выйшаў у 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Кёльне
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў, які мае 87-ы нумар сусветнага рэйтынгу, прайшоў у другі раунд турніру ў нямецкім Кёльне з прызавым фондам 325 тысяч еўра. У 1/16 фіналу беларус ўсяго за гадзіну упэўнена перайграў ў двух партыях нямецкага тэнісіста Даніэля Альтмаера – 6:1, 6:0. У паядынку за выхад у чвэрцьфінал супернікам Ягора Герасімава будзе прадстаўнік Канады Фелікс Ожэ-Альясім, які займае 22-е месца ў рэйтынгу АТР. У асноўную сетку гэтых спаборніцтваў Ягор Герасімаў прабіўся, святкаваўшы дзве перамогі ў кваліфікацыі.
На турніры серыі „Чэленджэр” ў турэцкім Стамбуле беларус Ілля Івашка абыграў у двух сэтах турэцкага тэнісіста Ергі Кіркіна – 6:2, 6:4.
На жаночым турніры ў чэшскай Астраве беларуска Вікторыя Азаранка і чэшка Караліна Мухава ў першым крузе парнага разраду прайгралі латвійска-расійскаму дуэту Алена Астапенка / Вера Званарова – 6:1, 4:6, 4:10.
Беларуская велагоншчыца Алена Амялюсік заняла шостае месца на Туры Фландрыі-2020
Беларуская велагоншчыца Алена Амялюсік, якая абараняе колеры каманды Canyon-Sram Racing, заняла шостае месца на Туры Фландрыі-2020. Перамогу святкавала нідэрландская веласіпедыстка Шанталь Ван Дэн Брок-Блак з каманды Boels Dolmans. Алёна Амялюсік фінішавала у асноўнай групе спартовак разам з Эмі Пітэрс і Лотэ Копецкі, паказаўшы з імі аднолькавы час. Тур Фландрыі адна з самых прэстыжных аднадзённых гонак у шашэйным веласпорце. Сёлета старты сярод жанчын праводзіліся ў 17-ы раз.
Марушыч прызнаны лепшым гульцом, Кавалевіч – лепшым трэнерам футбольнага чэмпіянату Беларусі ў верасні
Нападнік гарадзенскага „Нёмана” Зоран Марушыч прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Беларусі па футболе ў верасні. Такі вынік традыцыйнага штомесячнага галасавання журналістаў вядучых беларускіх СМІ, якое праводзіць Беларуская федэрацыя футбола. У трох паядынках першага месяца восені 26-гадовы сербскі легіянер гарадзенскай дружыны забіў чатыры мячы. Па выніках апытання, Зоран Марушыч набраў 28 ачкоў з 48 магчымых. Сярод трэнераў лепшым у верасні стаў настаўнік „Нёмана” Ігар Кавалевіч, які атрымаў 36 балаў з 48 магчымых. У верасьні яго падначаленыя святкавалі тры вікторыі ў трох праведзеных сустрэчах, забіўшы шэсць мячоў і прапусціўшы тры, выйшаўшы на другое месца ў турнірнай табліцы 30-га нацыянальнага першынства.
Футбольная зборная Беларусі правядзе гасцявы спарынг з румынамі
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі правядуць гасцявы таварыскі матч з камандай Румыніі. Сустрэча адбудзецца 11 лістапада на поле стадыёна „Іле Аана” у Бухарэсце. Для падначаленых Міхаіла Мархеля маючы адбыцца спарынг з румынамі стане праверкай сіл перад заключнымі матчамі групавога этапу Лігі нацый УЕФА. Беларускія футбалісты 15 лістапада прымуць у Менску зборную Літвы, а 18 лістапада завершаць турнір выязной сустрэчай з албанцамі.
Беларускае Радыё Рацыя