Ягор Герасімаў выйшаў у асноўную сетку турніру АТП у Санкт-Пецярбургу



Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (119 АТП) выйшаў у асноўную сетку турніру АТП у Санкт-Пецярбургу.

У матчы вырашальнага раўнда кваліфікацыі наш суайчыннік перамог расейца Рамана Сафіуліна (233) – 7:5, 6:7, 6:4. У стартавым крузе турніру ВТА ў Гуанчжоу беларуская спартоўка Аляксандра Сасновіч (50 ВТА) прайграла сербцы Аляксандры Круніч (122) – 4:6, 2:6.

Абаронца менскага „Дынама” Алег Явенка – другі ў КХЛ па паказчыку карыснасці

Абаронца менскага „Дынама” Алег Явенка займае другое месца ў КХЛ па паказчыку карыснасці. Пасля шасці матчаў „рэгуляркі” ў беларуса „+6”, столькі ж у яго партнёра па камандзе Франсіса Парэ, Якава Рылова са „Спартака”, Томаша Гікі, Лукаша Седлака і Сяргея Цярэшчанкі з „Трактара”. Лідыруе ў лізе яшчэ адзін хакеіст чэлябінскай каманды Есе Віртанен „+8”.

Аляксей Протас уключаны ў склад „Вашынгтона” на першы перадсезонны матч з „Чыкага”

Беларускі форвард Аляксей Протас уключаны ў склад „Вашынгтона” на перадсезонны матч з „Чыкага”. Як паведамляе прэс-служба клуба НХЛ, наш суайчыннік згуляе ў тройцы з Джо Сніўлі і Бэкам Маленціным. Паядынак пачнецца ў 2.00 па беларускім часе. Протас быў задрафтаваны „Вашынгтонам” у 2019 годзе ў трэцім раўндзе пад агульным 91-м нумарам. Пазней каманда падпісалі з беларусам трохгадовы кантракт пачаткоўца.

Беларускі барэц Мікалай Стадуб выйграў алімпійскую ліцэнзію на чэмпіянаце свету ў Казахстане

Беларускі барэц грэка-рымскага стылю Мікалай Стадуб заваяваў алімпійскую ліцэнзію зборнай на чэмпіянаце свету ў Нур-Султане. Па ходзе турніра Мікалай Стадуб перамог швейцарца Рамона-Райнара Бечарта – 7:1, амерыканца Джозэфа-Патрыка Рау – 9:1. Аднак чэмпіён Еўрапейскіх гульняў у Менску украінец Жан Беленюк аказаўся мацнейшым за беларуса – 3:1. Паколькі пазней украінскі атлет выйшаў у фінал турніру, Мікалай Стадуб атрымаў права выступіць у суцяшальных сутычках. Атрымаўшы ўпэўненую вікторыю над харватам Іванам Хуклекам (5:1), ён гарантаваў сабе мінімум пятае месца, якое дае права выступіць на Алімпіядзе ў Токіо.

Удзел беларускага змагара Кірылы Грышчанкі ў турнірах прыпынены з-за станоўчай допінг-пробы

Беларускі барэц грэка-рымскага стылю Кірыл Грышчанка, які выйграў залаты медаль на II Еўрапейскіх гульнях у Менску, часова адхілены ад удзелу ў афіцыйных спаборніцтвах з-за станоўчых вынікаў пры пераправерцы адной з допінг-пробаў. У дадзены момант вядзецца разбіральніцтва, як забаронены прэпарат трапіў у арганізм атлета. Такім чынам, Кірыл Грышчанка не паехаў на чэмпіянат свету, які праходзіць у Казахстане.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by