Ягор Мешчаракоў пакінуў пасаду віцэ-старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола
Вядомы беларускі баскетбаліст Ягор Мешчаракоў пакінуў пасаду віцэ-старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола, напісаўшы 8 кастрычніка заяву на звальненне па ўласным жаданні.
„Я зрабіў гэта сам без якога-небудзь ціску. Падзякаваў усім за плённую працу і добрыя эмоцыі. Прычыны відавочныя – так будзе лепш для ўсіх”, – адзначыў Мешчаракоў.
Сярод 216 задрафтаваных два беларусы і яшчэ 90 еўрапейцаў – найвышэйшы паказчык за апошнія 19 гадоў
Клубы НХЛ выбралі 92 еўрапейскіх хакеістаў на апошнім драфце, што склала 42,6 працэнта ад агульнай колькасці „пікаў” (216). Гэта найвышэйшы паказчык за апошнія 19 гадоў. Сярод 92 еўрапейцаў два беларусы: абаронца Ілля Салаўёў („Калгары”) і нападнік Яўген Аксянцюк („Далас”). Апошні раз больш еўрапейцаў (97) было задрафтавана ў 2004 годзе.
Кіеўскаму „Дынама” дазволілі праводзіць хатнія матчы Лігі чэмпіёнаў з гледачамі
Улады Кіева дазволілі прысутнасць гледачоў на хатніх матчах „Дынама” ў Лізе чэмпіёнаў-2020/21. Украінскі клуб згуляе ў адной групе з „Ювентусам”, „Барселонай” і „Ферэнцварашам”. Раней Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) прыняў рашэнне, што з кастрычніка на турнірах пад эгідай арганізацыі дапускаецца прысутнасць гледачоў на трыбунах у абмежаванай колькасці – да 30% ад агульнай ёмістасці стадыёнаў. Канчатковае рашэнне прымаецца ў адпаведнасці з нормамі, устаноўленымі мясцовымі ўладамі з мэтай прадухілення распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі.
„Мілан” страціў з-за пандэміі 195 мільёнаў еўра
„Мілан” паведаміў, што з-за пандэміі каронавіруса ў свеце клуб панёс сур’ёзныя фінансавыя страты. У агульнай складанасці клуб недалічыўся 195 мільёнаў еўра. Мінулы чэмпіянат Італіі быў перапынены ў сакавіку з-за пандэміі і дагульваць з чэрвеня па жнівень пры пустых трыбунах. Улады дазволілі калектыўныя трэніроўкі толькі да канца траўня. Пакуль на спартовых падзеях дапускаецца прысутнасць да тысячы гледачоў пры выкананні ўсіх неабходных мер засцярогі.
Моладзевая зборная Беларусі згуляе з футбалістамі Кіпра ў кваліфікацыі ЧЕ
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) правядуць сёння чарговы адборавы матч першынства Еўропы 2021 года. У сваім сёмым паядынку 7-й кваліфікацыйнай групы падапечныя Сяргея Яромкі згуляюць у Жодзіна з кіпрыётамі. У матчы першага круга адборавага турніру моладзевага чэмпіянату Еўропы яны згулялі ўнічыю ў Ларнацы – 1:1.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: FB Ягора Мешчаракова